BE RU EN

Беларускія аўтобусы незаконна ездзяць у Крым праз Керчанскі мост

  • 3.07.2018, 21:28

У інтэрнэце актыўна рэкламуюць паездкі ў анэксаваны РФ Крым з Менска і іншых беларускіх гарадоў.

Рэкламай падарожжа праз шэраг гарадоў Расеі займаецца фірма «Intercars».

Belsat.eu высветліў, што, нягледзячы на еўрапейскую назву, кампанія - беларуская і выступае пасярэднікам яшчэ адной беларускай фірмы-перавозчыка «БелЭкспрэсс».

Аператар «Intercars» распавяла нам, што падарожжы ў Крым карыстаюцца папулярнасцю сярод беларусаў. Такія маршруты ажыццяўляюцца ўжо як мінімум год. Цяпер аўтобусы ездзяць праз Крымскі мост.

«Але прыміце да ўвагі, што квіткі амаль разабралі», - кажа дзяўчына.

Сапраўды, калі мы паспрабавалі замовіць квіткі, высветлілася, што вольных месцаў на канец ліпеня амаль няма. А аўтобус курсіруе кожныя тры дні, затым адзін дзень - перапынак.

Як высветлілася, працаўніца «Intercars» не ведае, што паездкі ў анэксаваны Крым праз Расею незаконныя.

«У нашых кліентаў яшчэ ніколі не было праблем, прынамсі нам ніхто пра такое не паведамляў», - упэўнена адказвае яна.

Тое ж самае заявілі і ў «БелЭкспрэс», якая таксама прадае квіткі наўпрост праз свой сэрвіс vkrim.by.

Аператар фірмы-перавозчыка пацвярджае, што білетаў амаль не засталося і трэба іх хутчэй замаўляць. Пра праблемы з перасячэннем украінскай мяжы і забаронай на ўезд ва Украіну яна не чула.

«Мы ж едзем праз Расею, з якой няма мяжы. Пазней праз мост у Крым, дзе таксама спрошчаны дагляд і ніякай адзнакі ў пашпарт не ставяць. Няма чаго хвалявацца», - распавяла яна.

Раней такія паслугі аказвала турыстычная фірма «Альтанель Тур». Пасля публікацыі на belsat.eu менская турфірма анулявала паездкі на паўвостраў.

Тураператары не папярэджваюць кліента аб забароне, а вось у памежным камітэце Украіны адказ адназначны: Крым - акупаваная тэрыторыя і наведваць паўвостраў праз тэрыторыю Расеі незаконна.

Грамадзяне, якія так падарожнічаюць, не толькі не змогуць трапіць на тэрыторыю Украіны, але і атрымаюць штраф - да 390 рублёў і да таго ж забарона на ўезд да трох гадоў.

Апошнія навіны