BE RU EN

Neue Zürcher Zeitung: Пуцінская Расея асуджаная на разбурэнне

  • 5.07.2018, 21:29

Расея пры Пуціне менш стабільная, чым здаецца.

Дзякуючы правядзенню ЧС у футболе пуцінская Расея, здаецца, атрымала больш прызнання ва ўсім свеце. Тым не менш, антыліберальная сістэма асуджаная на разбурэнне і Захад ужо сёння павінен рыхтавацца да таго, што краіна павернецца ў яго бок, піша ў артыкуле для швейцарскага выдання Neue Zürcher Zeitung (пераклад - inopressa.ru) Андрэас Умланд, навуковы супрацоўнік Інстытута еўра-атлантычнага супрацоўніцтва ў Кіеве.

«Фундаментальнай праблемай для далейшага існавання сённяшняга клептакратычнага рэжыму будзе спалучэнне двух тэндэнцый, што падрываюць сістэму - эканамічнай стагнацыі і пераходнага перыяду ў палітыцы. Іх камбінаваны эфект не зможа з лёгкасцю нейтралізаваць нават разумны крамлёўскі ўрад», - мяркуе аўтар.

«Пакуль кошты нафты ізноў не падскочаць, неэфектыўнасць і бесперспектыўнасць сённяшняй сацыяльна-эканамічнай сістэмы будзе выяўляцца ўсё больш выразна, - упэўнены Умланд. - Расея была і застанецца на нявызначаны час прасякнутай карупцыяй нафтавай дзяржавай, якая здольная генераваць стабільны рост толькі пры нязменна высокіх коштах на энэргію і выгадным знешнеэканамічным становішчы. Без гэтых умоў пірог, які дзеляць паміж сабой уладары расейскага свету, з кожным годам будзе станавіцца меншым».

«Вядома, рашучы, харызматычны і папулярны кіраўнік у стане пэўны час кампенсаваць гэтую і іншыя пагрозы стабільнасці рэжыму, аднак у найвышэйшай ступені магчыма, што спецыфічны расейскі рэжым, які базуецца на аўтарытэце і патранаце, не зможа забяспечыць арганізаваную перадачу ўлады падыходнаму пераемніку, - разважае экспэрт . - А да чаго прыводзіць герантакратыя, расейскі народ добра памятае на прыкладзе Леаніда Брэжнева, Юрыя Андропава і Канстанціна Чарненкі».

Няўпэўненасць з нагоды стабільнасці рэжыму пасля Пуціна ўжо ў хуткім часе выкліча нестабільнасць у сістэме расейскай эліты, мяркуе экспэрт. Сітуацыя можа ў выніку прывесці да сур'ёзнага канфлікту паміж рознымі палітычнымі фракцыямі і эканамічнымі кланамі, які аднак патэнцыйна можа дэмакратызаваць Расею, гаворыцца ў артыкуле.

«Да чаго канкрэтна рана ці позна прывядзе непазбежная дэстабілізацыя палітычнага рэжыму ў Расеі на міжнароднай арэне, прадказаць цяжка, - піша аўтар. - Аднак любы сцэнар прывядзе да таго, што сённяшнія глыбінныя сацыяльна-эканамічныя праблемы Расеі захаваюцца ці нават ўзмоцняцца, напрыклад у выніку абвастрэння гандлёвай вайны з Захадам. Гэта толькі ўмацуе бесперспектыўнасць сучаснага развіцця Расеі».

«У вышэйшай ступені верагодна, што цесная інтэграцыя Расеі ў сусветную эканоміку, яе няздольнасць да аўтаркіі і адсутнасць геаэканамічных альтэрнатыў эканамічнай сувязі з Захадам прывядуць да таго, што пасля змены курсу і рэжыму ў Маскве краіна адновіць збліжэнне з Захадам, як было зроблена Гарбачовым у канцы 1980 -х, - мяркуе Умланд. - Цяпер незразумела, калі і як Расея павернецца тварам да Захаду, але гэта здаецца непазбежным».

«Адсутнасць трывалых альтэрнатыўных знешнеэканамічных опцый, а таксама культурная блізкасць большасці расейцаў да еўрапейскіх традыцый рана ці позна прымусяць Крэмль зноў шукаць кантакту з Захадам. Калі гэта здарыцца, у Вашынгтона, Брусэля і Бэрліна ужо павінен быць напагатове маштабны план дзеянняў па паступовай інтэграцыі Расеі ў садружнасць заходніх краін», - заключае аўтар.

Апошнія навіны