Турцыя скасоўвае рэжым надзвычайнага становішча
- 5.07.2018, 21:51
Рэжым надзвычайнага здарэння будзе скасаваны праз два гады пасля спробы перавароту.
Улады Турцыі 9 ліпеня скасуюць рэжым надзвычайнага становішча, які быў уведзены пасля спробы дзяржаўнага перавароту ў ліпені 2016 года, пра гэта ў інтэрв'ю дзяржаўнаму агенцтву «Анадолу» расказаў прэм'ер-міністр краіны Біналі Йылдырым, паведамляе «Настоящее время».
«У панядзелак будзе анансаваны новы склад урада і будзе скасаваны рэжым надзвычайнага становішча», - распавёў Йылдырым.
Пра гэта ж заяўляў прэзідэнт краіны Рэджэп Эрдаган падчас сваёй перадвыбарчай кампаніі. Надзвычайнае становішча ўвялі ў краіне пасля спробы вайсковага перавароту летам 2016 года. Першапачаткова яго ўвялі тэрмінам на тры месяцы, але пазней працягнулі на нявызначаны тэрмін.
Праз гэта ў турэцкіх уладаў з'явілася магчымасць арыштоўваць людзей і трымаць іх месяц у турме без выстаўлення абвінавачванняў. Пазней Турцыя прыпыніла дзеянне Еўрапейскай канвенцыі правоў чалавека, каб мець магчымасць «хутка адказваць на дзеянні разнастайных тэрарыстычных арганізацый».
За гэты час улады Турцыі анулявалі пашпарты амаль 11 тысяч чалавек, яшчэ тысячы журналістаў, выкладчыкаў і вайскоўцаў былі арыштаваныя або прысуджаныя да турэмнага зняволення нібыта за сувязі са спробай дзяржаўнага перавароту ў краіне. Таксама ўлады закрылі некалькі тысяч школ і дабрачынных арганізацый праз падазрэнне ў сувязях з мяцежнікамі.
Пасля спробы перавароту Эрдаган прыстрашваў вярнуць смяротнае пакаранне, але ўлады Еўразвязу вылучылі Турцыі ультыматум - калі пакаранне будзе ўведзенае, перамовы аб уступленні краіны ў Еўразвяз «неадкладна» спыняцца. Далей абяцанняў турэцкія ўлады не пайшлі.
Гэтыя дзеянні выклікалі рэзкую крытыку на Захадзе. Некалькі еўрапейскіх краін выказалі асцярогі, што Эрдаган пад падставай рэжыму НС кансалідуе ў сваіх руках яшчэ большую ўладу. Аднак турэцкія ўлады запэўнілі, што простых грамадзян рэжым НС ніяк не тычыцца.