Паслы ЗША і NATO ў РФ: Трамп захавае жорсткую пазіцыю ў дачыненні да РФ
- 6.07.2018, 21:55
Прэзідэнт ЗША пацвердзіць рашучасць сваёй краіны супрацьстаяць Маскве.
Прадстаўнікі ўладаў ЗША спрабуюць запэўніць занепакоены заходні блок, што прэзідэнт Дональд Трамп пацвердзіць рашучасць сваёй краіны супрацьстаяць Маскве падчас маючага адбыцца саміту NATO і сваёй сустрэчы з расейскім прэзідэнтам Уладзімірам Пуціным, паведамляе «Голос Америки».
Лідары NATO дамовяцца ўмацоўваць стрымліваючы і абарончы патэнцыял, асабліва для процідзеяння спробам Расеі «падзяляць і панаваць» і парушэнням Дамовы аб ліквідацыі ракет сярэдняй і малой далёкасці (РСМД), заявіла ў чацвер журналістам сталая прадстаўніца ЗША пры NATO Кэй Бэйлі Хатчынсан.
Гэта заява прагучала на фоне заклапочанасці з нагоды прыхільнасці Трампа альянсу, які з'яўляецца краевугольным каменем пасляваеннага ліберальнага светапарадку з тых часоў, як ён быў заснаваны ў 1949 годзе.
Нядаўна Трамп накіраваў лісты жорсткага зместу лідарам шэрагу краін NATO, у тым ліку Бэльгіі, Канадзе, Нямеччыне і Нарвегіі, папярэдзіўшы, што ЗША страчваюць цярпенне ў пытанні абаронных выдаткаў, мэтавыя паказчыкі па якіх яны не выконваюць.
Падчас перадвыбарчай акцыі ў Мантане ў чацвер Трамп распавёў, што наўпрост сказаў канцлерцы Нямеччыны Ангеле Мэркель: «Не ведаю, якую абарону мы атрымліваем, абараняючы вас».
Прэзідэнт дадаў, што на наступным тыдні мае намер сказаць сябрам NATO: «Вам пара пачаць плаціць па рахунках».
Пры гэтым Хатчынсан паспрабавала згладзіць пазіцыю прэзідэнта.
Яна адзначыла, што шаснаццаць сябраў альянсу ўжо блізкія да дасягнення мэтавага паказчыка ў абаронных выдатках (2 адсоткі ад ВУП), а абаронны бюджэт павялічваюць усе краіны. Пры гэтым яна прызнала, што «неабходна рабіць больш».
Улічваючы, якой актыўнай была абстаноўка падчас нядаўняга саміту «Вялікай сямёркі» ў Канадзе, некаторыя чакаюць расколу паміж лідарамі NATO, баючыся, што гэта пойдзе на карысць Пуціну, які сустрэнецца з Трампам у Хельсінкі 16 ліпеня.
«Прыярытэт прэзідэнта - абараняць амерыканскі народ і амерыканскія інтарэсы, у тым ліку і інтарэсы нашых хаўруснікаў і партнёраў», - падкрэсліў са свайго боку пасол ЗША ў Расеі Джон Хантсман, кажучы пра маючую адбыцца сустрэчу Трампа і Пуціна.
Са слоў амбасадара ЗША ў Маскве, прэзідэнт Трамп мае намер высветліць, ці сапраўды Расея імкнецца да памяншэння напружанасці ў амерыкана-расейскіх стасунках.
«Прэзідэнт мяркуе, што паляпшэнне стасункаў з Расеяй пайшло б на карысць як Амерыцы, так і Расеі, але ў рэчаіснасці мяч цяпер на расейскім баку, і прэзідэнт працягне намагаць на прыцягненні Расеі да адказнасці за яе зламысную дзейнасць», - сказаў Хантсман падчас тэлеканферэнцыі.
«Мы ідзём на саміт з шырока адкрытымі вачыма, але дзеля міру заўсёды варта зрабіць захады», - падкрэсліў дыпламат.
Пасол паведаміў, што Трамп правядзе з Пуціным сустрэчу сам-насам, пасля чаго два прэзідэнты сустрэнуцца зноў, ужо ў суправаджэнні сваіх дарадцаў.
Падчас саміту ў Хельсінцы прэзідэнты ЗША і Расеі, магчыма, абмяркуюць праблемы кантролю над узбраеннямі і пытанні стратэгічнай стабільнасці, уключаючы парушэнні расейскім бокам Дамовы па ракетах сярэдняй і малой далёкасці, паведаміў у чацвер высокапастаўлены супрацоўнік адміністрацыі.
Паведамляецца таксама, што Трамп і Пуцін, магчыма, абмяркуюць пытанне аб прадаўжэнні тэрміну дзеяння Дамовы аб скарачэнні стратэгічных узбраенняў на пяць гадоў.
Выступаючы ў Мантане, Трамп даў рэзкі адказ крытыкам, якія ставяць пад сумнеў яго гатоўнасць да сустрэчы з Пуціным, нагадваючы пра мінулае расейскага лідара ў выведцы.
«Яны кажуць: ці будзе прэзідэнт Трамп гатовы, бо прэзідэнт Пуцін з КДБ і ўсё такое, - адзначыў Трамп - Дык вось ведаеце што? Пуцін нармальны. Нармальны. Мы ўсе нармальныя. Мы людзі. Ці буду я гатовы? Абсалютна гатовы. Я рыхтаваўся да такога ўсё сваё жыццё».