У справе аб забойстве Барыса Нямцова з'явіцца нагляд АБСЕ
- 8.07.2018, 21:21
У рэзалюцыі, якая рыхтуецца, будзе заклік да ўладаў РФ правесці новае расследаванне забойства палітыка.
У Бэрліне 7-11 ліпеня ў будынку Бундэстагу праходзіць 27-ая штогадовая сесія Парламенцкай Асамблеі АБСЕ - арганізацыі бяспекі і супрацоўніцтва ў Еўропе, якая з'яўляецца полем супрацоўніцтва прадстаўнікоў парламентаў 57 дзяржаў свету ад Уладзівастока да Ванкувэра. Сесія прысвечана тэме «Выкананне абавязанняў у рамках АБСЕ: роля парламентаў».
8 ліпеня пры падтрымцы дэлегацыі ЗША і з ініцыятывы Уладзіміра Кара-Мурзы малодшага, старшыні фонду Барыса Нямцова, а таксама адваката Вадзіма Прохарава і журналісткі Жанны Нямцовай, прайшлі слуханні аб неабходнасці нагляднай працэдуры АБСЕ ў справе аб забойстве Барыса Нямцова. Чальцы афіцыйнай расейскай дэлегацыі дэманстратыўна праігнаравалі слуханні.
Уладзімір Кара-Мурза малодшы ў гутарцы з бэрлінскім карэспандэнтам «Радыё Свабода» заявіў:
- Такая працэдура патрэбная, бо расейскія ўлады відавочна не хочуць шукаць ні арганізатараў, ні замоўцаў самага гучнага палітычнага забойства ў сучаснай гісторыі Расеі. А згодна з дакументам маскоўскай нарады АБСЕ, пытанні законнасці, дэмакратыі і правоў чалавека не могуць разглядацца як унутраная справа той ці іншай краіны, а з'яўляюцца прадметам міжнародных абавязанняў і прадметам міжнароднага разгляду. Мы, ініцыятары, як мінімум, хочам не даць расейскім уладам замяць тэму забойства Барыса Нямцова, не даць засунуць яе пад дыван".
У рэзалюцыі, якая рыхтуецца, будзе заклік да ўладаў Расейскай Федэрацыі правесці новае расследаванне забойства Нямцова. Будзе таксама удакладненая працэдура і форма нагляду АБСЕ. Сесія АБСЕ ў Бэрліне прадоўжыцца да 11 ліпеня.