BE RU EN

У Бразіліі два суддзі зладзілі спрэчку праз вызваленне экс-прэзідэнта

  • 8.07.2018, 21:42

Суддзі прынялі дзве супрацьлеглыя пастановы.

Суддзя Ражэрыё Фаўрэта, які адзін час працаваў у адміністрацыі да Сілвы, у нядзелю падпісаў загад аб вызваленні былога прэзідэнта. Сваю пастанову ён патлумачыў неабходнасцю даць экс-лідару права ўдзельнічаць у дэмакратычным працэсе, піша РБК.

Аднак прыкладна праз гадзіну іншы суддзя, Жаао Нэту, скасаваў пастанову Фаўрэта і запатрабаваў ад паліцыі не рабіць ніякіх дзеянняў для вызвалення да Сілвы, паведамляе тэлеканал Globo. Ён патлумачыў сваю пазіцыю тым, што вядзе антыкарупцыйныя справы, а таму больш кампетэнтны, чым ягоны калега.

Фаўрэта ў адказ выпусціў новую паперу, якая пацвярджае ягоную першую пастанову аб вызваленні былога прэзідэнта і прыпыненні дзеяння прысуду. Аднак пакуль няма звестак, што паліцыя падпарадкавалася гэтаму дакументу.

У сваю чаргу Сэржыё Мора, які старшыняваў на судзе над да Сілвам, стаў на бок Нэту, адзначыўшы, што ў Фаўрэта няма дастатковых паўнамоцтваў для прыняцця пастановы аб прыпыненні прысуду.

Былы прэзідэнт краіны да Сілва паўстаў перад судом ў 2016 годзе. Праз год яго асудзілі на 12 гадоў турэмнага зняволення. Аднак, выкарыстоўваючы права на апеляцыю, Лула да Сілва заставаўся на волі да красавіка 2018 года. Тады Вярхоўны суд адхіліў ягоную просьбу аб скасаванні прысуду і ўзяў яго пад варту.

У пачатку траўня генеральны пракурор Бразіліі вынес экс-прэзідэнту новае абвінавачванне ў карупцыі і адмыванні грошай. Паводле версіі следства, у 2010 годзе Партыя працоўных, адным з заснавальнікаў якой з'яўляецца Лула да Сілва, прыняла прапанову бразільскай інжынернай кампаніі Odebrecht атрымаць $40 млн у абмен на выгадныя кампаніі палітычныя пастановы.

Апошнія навіны