Уладзімір Някляеў: Хто стварыў суды, дзе суддзі - проста балванчыкі?
- 2.08.2018, 21:25
У прававой дзяржаве «справа прафзвязаў» не магла паўстаць.
Паэт і адзін з прадстаўнікоў БНК Уладзімір Някляеў пракаментаваў суд над прафзвязнымі актывістамі сайту palitviazni.info.
«У сістэме прававой дзяржавы сітуацыя накшталт той, што стала падставай для крымінальнай справы супраць незалежнага прафзвязу РЭП, проста не магла ўзнікнуць», - мяркуе палітык.
«У свой час мяне з дыягназам «транзістарная ішэмічная атака» не пачалі лячыць, а пасадзілі ў турму, - выказаўся Уладзімір Някляеў на сваё старонцы ў сацыяльных сетках. - З такім дыягназам мяне пасадзіла ў турму год таму суддзя Марына Фёдарава. Турэмны доктар сказаў, што такіх суддзяў саміх судзіць трэба. А гэтая «суддзя» сёння судзіць кіраўнікоў незалежнага прафзвязу».
Палітык мяркуе, што кіраўнікоў незалежнага прафзвязу «судзіць не Фёдарава, а той, хто загадаў судзіць»:
«Хто ж стварыў суды, у якіх суддзя - проста балванчык, які механічна зачытвае прысуды? - задаецца пытаннямі Някляеў. - Хто стварыў сістэму, у якой усе, у тым ліку чалавечыя лёсы, вырашае, абапіраючыся на сілавыя, рэпрэсіўныя структуры, выканаўчая ўлада?..
У сістэме прававой дзяржавы сітуацыя, якая стала падставай для крымінальнай справы супраць незалежнага прафзвязу РЭП, проста не магла паўстаць. Яна ўзнікла толькі таму, што прафзвязы, як і ўся краіна, існуюць ва ўмовах бяспраўя, ва ўмовах татальнага палітычнага ціску. І мяняць гэтыя ўмовы ніхто не збіраецца, што непазбежна прывядзе краіну да палітычнага і эканамічнага калапсу», - адзначыў Уладзімір Някляеў.