BE RU EN

«Суд над Фядынічам і Комлікам стаў пародыяй на правасуддзе»

  • 24.08.2018, 21:26

Міжнародныя праваабаронцы заклікаюць беларускія ўлады скасаваць прысуд лідарам прафзвяза РЭП.

Заяву Абсерваторыі па абароне праваабаронцаў у сувязі з вынесеным сёння прысудам лідарам прафзвязу РЭП Генадзю Фядынічу і Ігару Комліку апублікаваў ПЦ «Вясна»:

- 24 жніўня 2018 году суд Савецкага раёна горада Менска завяршыў разгляд справы Генадзя Фядыніча і Ігара Комліка. Два прафзвязныя лідары прызнаныя вінаватымі ва ўхіленні ад выплаты падаткаў. Крымінальная справа супраць іх была распачатая праз год пасля таго, як прафзвяз дапамог мабілізаваць акцыі пратэсту супраць дэкрэта Лукашэнкі №3, які ўвёў збор з беспрацоўных. Абсерваторыя абароны праваабаронцаў, якая накіравала ў Беларусь місію назірання за судовым працэсам, паведамляе, што палітычна матываваны працэс у значнай меры не адпавядаў гарантыям справядлівага судовага разбору, і заклікае скасаваць прысуд.

Судовы разбор пачаўся 30 ліпеня 2018 года. Справа разглядалася судом Савецкага раёна г. Менска суддзёй Марынай Фёдаравай. Кіраўнік і галоўны бухгалтар Беларускага незалежнага прафзвязу работнікаў радыё і электроннай прамысловасці (РЭП) Генадзь Фядыніч і Ігар Комлік былі абвінавачаныя паводле артыкула 243, частка 2 Крымінальнага кодэкса «Ухіленне ад выплаты падаткаў у буйных памерах». Гэты артыкул раней выкарыстоўвалася для судовага пераследу старшыні праваабарончага цэнтру «Вясна» Алеся Бяляцкага, які правёў тры гады ў турме ў 2011-2014 гадах. Камітэт правоў чалавека ААН назваў яго турэмнае зняволенне адвольным, паколькі нацыянальнае заканадаўства і рашэнні беларускіх уладаў не дазволілі «Вясне» легальна дзейнічаць у Беларусі. Дагэтуль існуе заканадаўства, якое значна абмяжоўвае дзейнасць арганізацый грамадзянскай супольнасці, прымушаючы многія арганізацыі рэгістравацца за мяжой.

На думку ўладаў, у перыяд з 2011 да 2012 год Фядыніч і Комлік уступілі ў змову з мэтай атрымання фінансавання праз мяжу ў выглядзе пералічэнняў на банкаўскі рахунак у Вільні, Літве, а таксама зняцця і перапраўкі наяўных у Беларусь з дапамогай калегаў, не падаючы пры гэтым інфармацыю аб гэтых аперацыях уладам.

Сёння суд вынес пастанову, якой абвінавачаныя прызнаныя вінаватымі ва ўсіх абвінавачваннях і прысуджаныя да 4 гадоў абмежавання волі без турэмнага зняволення і пяці гадоў абмежавання на займанне афіцыйных пасадаў.

«Суд уяўляў сабой захапляльнае відовішча. Адным з самых яркіх эпізодаў стала нечаканае прызнанне платнага інфарматара КДБ. Але ён таксама стаў і пародыяй на правасуддзе», - сказаў юрыст Ілля Нузаў, кіраўнік аддзела Усходняй Еўропы і Цэнтральнай Азіі FIDH, які назіраў за працэсам. «Не было ніякіх паказанняў або іншых довадаў, якія маюць дачыненне да інкрымінаванага перыяду, і ўлады сфабрыкавалі практычна ўсю довадную базу для прыняцця пастановы, якая пацвярджае палітычны характар справы».

Судовае назіранне выявіла сур'ёзныя недахопы ў правядзенні дасудовага расследавання і разгляду. Падчас судовага разбору прынамсі шэсць сведак, апытаных бакамі, заявілі, што іх дасудовыя паказанні былі атрыманы шляхам пагроз, запалохвання і іншага ціску з боку ўладаў падчас першапачатковага дазнання. Хаця суддзя Фёдарава ініцыявала правядзенне праверкі гэтых заяў ужо падчас судовага разбору, гэтая праверка не была бесстаронняй і дбайнай, здольнай эфектыўна выявіць супрацьпраўныя дзеянні з боку ўладаў.

Больш за тое, абвінавачванне было пабудаванае вакол ключавых довадаў, у тым ліку неаўтарызаваных банкаўскіх запісаў з літоўскага банка, а таксама інфармацыі аб банкаўскім рахунку і грашовых патоках ад замежных арганізацый, атрыманых з выкарыстаннем ананімнага ўліковага запісу электроннай пошты. Сведкі з боку абвінавачання адмовіліся даць якую-небудзь канкрэтную інфармацыю аб тым, як былі сабраныя гэтыя довады, у агульных рысах спасылаючыся на ход «следчай працы». Гэтыя факты ў значнай ступені ўплываюць на законнасць і надзейнасць такіх довадаў, а таксама на здольнасць Комліка і Фядыніча падрыхтаваць адэкватную абарону.

Абсерваторыя ўважае, што гэтыя дзеянні ўладаў парушаюць міжнародныя абавязанні Беларусі ў галіне правоў чалавека і сваю ўласную Канстытуцыю, і таму абвінаваўчы прысуд павінен быць скасаваны ў выніку апеляцыі.

Абсерваторыя ў абароне праваабаронцаў (абсерваторыя) была створаная ў 1997 годзе FIDH і Сусветнай арганізацыяй супраць катаванняў (OMCT). Мэта праграмы – умяшанне з мэтай прадухілення або ліквідацыі сітуацый рэпрэсій супраць праваабаронцаў. FIDH і OMCT з'яўляюцца сябрамі ProtectDefenders.eu, механізму абароны праваабаронцаў Еўрапейскага звязу, які ажыццяўляецца міжнароднай грамадзянскай супольнасцю.

Апошнія навіны