BE RU EN

«Мы вольныя людзі»: Гарадзенскія фанаты байкатуюць матчы праз дзеянні міліцыі

  • 25.08.2018, 22:25

У чэрвені пасля матчу з БАТЭ адбылося некалькі брутальных затрыманняў фанатаў.

Напярэдадні матчу «Нёман» - «Тарпеда-Менск», які пройдзе ў Гародні 25 жніўня, гарадзенскія футбалісты знялі відэа, дзе заклікалі мясцовых фанатаў вярнуцца на 21-ы сектар, піша сайт hrodna.life.

Актыўныя гарадзенскія заўзятары байкатуюць хатнія матчы з сярэдзіны чэрвеня, калі пасля матчу з БАТЭ адбылося некалькі затрыманняў фанатаў.

Пасля таго як «Нёман» застаўся без падтрымкі ў каманды пайшоў сур'ёзны спад, гэта было прыкметна ў апошніх двух хатніх матчах. 30 чэрвеня «Нёман» у Гародні згуляў унічыю з «Менскам» - 2:2, а 20 ліпеня гарадзенцы на сваім полі значна саступілі «Слуцку» - 0:3.

Футбалісты «Нёмана» напярэдадні матчу з менскім «Тарпеда» далі зразумець, што ім патрэбна падтрымка фанатаў і запісалі зварот.

У пятніцу, 21 жніўня гарадзенскія фанаты ў сваім Instagram паведамілі пра тое, што падтрымаюць каманду.

А яшчэ раней фанаты пакінулі ў сваёй групе ў Вконтакте цікавы запіс.

«Мы ведаем што вы ўбачыце і прачытаеце гэта. Мы ведаем, чаго вы хочаце і чаго дамагаецеся. Але вы не ўлічылі аднаго, бадай, самага галоўнага. Любоў да ідэі і сяброўства нельга забіць. Як бы вы не стараліся мы былі, ёсць і будзем. Усё таму, што мы не такія, як вы, мы іншыя. Мы вольныя людзі з жоўта-зялёным сэрцам. І такімі застанемся назаўсёды! Нёман - гэта мы!».

Падставай для затрымання на матчы «Нёман» - БАТЭ, які праходзіў у Гародні 17 чэрвеня, сталі ўзарваныя петарды на фанацкім сектары гарадзенцаў. Большасць затрыманых атрымалі штрафы, а некаторых прысудзілі да 7 дзён арышту.

Фанаты распавядалі, што іх пачалі затрымліваць ужо пасля матчу. Усё адбывалася ў грубай форме, некаторых білі і проста выцягвалі з натоўпу

Матч паміж «Нёманам» і менскім «Тарпеда» пройдзе ў Гародні 25 жніўня. Пачатак а 19:45.

Апошнія навіны