Сталі вядомыя падрабязнасці затрымання Аляксея Навальнага
- 25.08.2018, 20:27
Расейскі апазіцыйны палітык затрыманы праз пратакол, складзенага яшчэ ў студзені.
Апазіцыянер і кіраўнік Фонду барацьбы з карупцыяй Аляксей Навальны затрыманы ў суботу ў Маскве ў сувязі з пратаколам аб адміністрацыйным правапарушэнні, які быў складзены яшчэ ў студзені. Як паведамляе «Радыё Свабода», пра гэта піша ў твітэры прэс-сакратарка Навальнага Кіра Ярмыш.
Навальны быў затрыманы ля пад'езда свайго дома і дастаўлены ў АУС «Данілаўскі". Некалькі гадзін, як піша Ярмыш, да яго не пускалі адваката. Пасля апазіцыянера павезлі з АУС з падазрэннем на пералом мезенца. "Яго так затрымлівалі", - піша прэс-сакратарка Навальнага, сцвярджаючы, што ў затрыманні ўдзельнічалі пяцёра супрацоўнікаў спецатрада паліцыі.
Пасля Навальнага прывезлі назад у АУС. Падазрэнні на пералом не пацвердзіліся. Са слоў Ярмыш, да панядзелка, калі адбудзецца суд, Навальнага наўрад ці выпусцяць на волю.
Пратакол, праз які затрымалі Навальнага, быў складзены пасля акцыі 28 студзеня. У гэты дзень у шэрагу гарадоў Расеі прайшлі акцыі прыхільнікаў палітыка з патрабаваннем дапусціць яго да прэзідэнцкіх выбараў. У Маскве акцыя не была ўзгодненая з уладамі. Тады Навальнага адпусцілі, суд паводле справы аб правапарушэнні дагэтуль так і не адбыўся. Апазіцыянеру пагражае адміністрацыйны арышт. Афіцыйных каментароў аб прычынах затрымання Навальнага пакуль няма.
Паплечнікі апазіцыянера звязваюць ягонае затрыманне з планамі яго прыхільнікаў правесці 9 верасня акцыі пратэсту супраць падвышэння пенсійнага ўзросту. Улады Масквы заявілі, што вывучаць заяўку на правядзенне масавай акцыі ў гэты дзень.