Фігурантам «справы БелТА» забаранілі выезд з Беларусі
- 27.08.2018, 18:09
Пастанову пра часовую забарону на выезд з тэрыторыі нашай краіны журналістам уручылі сёння.
Падазраваным у «справе БелТА» абмежавалі выезд з Беларусі. Гэта журналісты Паўлюк Быкоўскі, Таццяна Каравянкова, Ганна Калтыгіна, Галіна Уласік і Ірына Леўшына.
27 жніўня ім уручылі пастановы пра часовую забарону на выезд з тэрыторыі нашай краіны, інфармуе прэс-служба Беларускай асацыяцыі журналістаў.
Нагадаем, Следчы камітэт Беларусі расследуе крымінальную справу пра незаконны доступ да платнай падпіскі дзяржаўнага інфармагенцтва БелТА. 7 жніўня прайшлі ператрусы ў офісах БелаПАН, Tut.by. У гэты і наступныя дні затрымалі восем чалавек: Марыну Золатаву, Ганну Калтыгіну, Галіну Уласік, Ганну Ермачонак, Таццяну Каравянкову, Паўлюка Быкоўскага, Аляксея Жукава, Ірыну Леўшыну. Усіх іх пасля вызвалілі.