Работніку МТЗ, якому налічылі 16 тысяч рублёў нястачы, зрэзалі суму выплат
- 27.08.2018, 20:48
Мужчына не згодны.
На адным са складоў Менскага трактарнага завода выявілі нястачу ў 27 тысяч рублёў. Самую вялікую суму - 16 тысяч 250 рублёў - павінен быў выплаціць Пётр Лоўгач, былы начальнік цэха камплектацыі. Пасля чарговага суду мужчыну паменшылі запазычанасць - цяпер ён павінен прадпрыемству 10 тысяч рублёў. Аднак Пётр не згодны з гэтай пастановай і лічыць, што «даказаць яго поўную невінаватасць здольная толькі экспэртыза», паведамляе tut.by.
Цяпер суд Партызанскага раёна Менска пастанавіў спагнаць з Пятра Лоўгача 10 тысяч рублёў, у астатняй частцы ранейшая пастанова засталася нязменнай.
- Цалкам лагічна напрошваецца пытанне, а хто будзе пагашаць астатнюю суму і на якой падставе адмовілі ў правядзенні бухгалтарскай экспэртызы? - задаецца пытаннем мужчына.
Агульная сума шкоды складае больш за 35 тысяч рублёў. Справа ў тым, што такая гісторыя на МТЗ ужо была: тады служба бяспекі завода пры праверцы ў пачатку лістапада мінулага года выявіла прапажу 272 рычагоў са шчоткай на агульную суму 7917,92 рубля. Факт крадзяжу дэталяў устанавіць не ўдалося, бо камер відэаназірання на складзе няма. Пры праверцы апыталі некаторых работнікаў склада, аднак прычыну ўтварэння нястачы ніхто не патлумачыў. Пазней у МТЗ знайшлі яшчэ дзве нястачы: у адным са складоў на 404 рубля, у другім - на 27 тысяч.
Пётр Лоўгач прасіў суд першай інстанцыі прызначыць бухгалтарскую экспэртызу. Аднак мужчына атрымаў адмову. На яго думку, «папярэднія інвентарызацыі праходзілі з парушэннем». Мужчына падняў пытанне аб неабходнасці пераправеркі і правядзення незалежнага аўдыту. Аднак просьбу не задаволілі.
Нагадаем, раней кіраўніцтва завода тлумачыла, што раз добраахвотна выплачваць нястачу работнікі склада адмовіліся, спагнаць неабходную суму з іх можна толькі праз суд.