Масква прызнаная найгоршым мегаполісам свету ў рэпутацыйным рэйтынгу
- 29.08.2018, 17:56
Расейская сталіца паказала найгоршыя вынікі паводле трох галоўных крытэраў.
Масква апынулася на апошнім, 56-м месцы ў рэйтынгу гарадоў свету, складзеным міжнароднай кампаніяй Reputation Institute. «Рэпутацыйны» рэйтынг сфармаваны на базе 12 тысяч навуковых даследаванняў і апытанняў, праведзеных у краінах «Вялікай сямёркі» і Расеі, паведамляе «Радыё Свабода».
Расейская сталіца паказала найгоршыя вынікі ў трох галоўных крытэрах: якасці кіравання, эканомікі і навакольнага асяроддзя. Маскву нізка ацанілі паводле цэлага шэрагу паказчыкаў: эстэтыка, добраўпарадкаванасць і бяспека. Паводле звестак даследчыкаў, у маскоўскім мегаполісе распаўсюджаныя нацыяналістычныя настроі. Згодна з дакументам, на вынікі даследавання паўплывала і агульная «геапалітычная напружанасць», звязаная з Расеяй.
Аўтары звярнулі ўвагу, што самі масквічы далі роднаму гораду значна больш высокія ацэнкі ў параўнанні з замежнікамі з краін G7. З назіранняў даследчыкаў, звычайна складаецца зваротная сітуацыя: мясцовыя жыхары, як правіла, больш дрэннай думкі аб сваіх гарадах, чым турысты.
Расейскую сталіцу, якая набрала толькі 51,3 бала, абышлі Каір, Мехіка, Нью-Дэлі і Стамбул. Лідар рэйтынгу - сталіца Японіі Токіё, які набраў 81,8 балаў. За ім ідуць Сіднэй і Капенгаген. Апроч іх, у топ-10 рэйтынгу ўвайшлі Вена, Стакгольм, Венецыя, Рым, Цюрых, Мюнхен і Манрэаль.