Аюб Ціціеў намінаваны на прэмію Рады Еўропы
- 29.08.2018, 21:45
Кіраўнік чачэнскага «Мемарыялу» вылучаны на прэмію імя Вацлава Гаўла разам з праваабаронцамі з Кубы і Бахрэйна.
Дырэктар чачэнскага філіяла расейскага праваабарончага цэнтра «Мемарыял» Аюб Ціціеў намінаваны на прэмію імя Вацлава Гаўла, якая прысуджаецца Радай Еўропы за асаблівыя заслугі ў справе абароны правоў чалавека. Нароўні з Ціціевым, на прэмію 2018 года прэтэндуюць кіраўніца Лацінаамерыканскай сеткі за дэмакратыю - кубінка Раса Марыя Пая і праваабаронца з Бахрэйна Набіль Раджаб, які цяпер знаходзіцца ў зняволенні на радзіме, паведаміла прэс-служба Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы (ПАРЕ) у сераду, 29 жніўня, паведамляе DW.
Ціціеў з'яўляецца пераемнікам Наталлі Эстэміравай, забітай у сталіцы Чачні Грозным у 2009 годзе. Пая - дачка памерлага ў 2012 годзе кубінскага актывіста Асвальда Пая, якога Еўрапарламент у 2002 годзе ўзнагародзіў прэмію імя Сахарава. Раджаб з'яўляецца сузаснавальнікам Цэнтра правоў чалавека ў Бахрэйне і ўжо многія гады змагаецца за пашырэнне дэмакратыі ў гэтым каралеўстве.
Прэмія Вацлава Гаўла, названая ў гонар былога дысыдэнта, а затым - прэзідэнта Чэхіі, была заснаваная ў 2013 годзе. Яе сума складае 60 тысяч еўраў.
Лаўрэатамі прэміі імя Вацлава Гаўла, сярод іншых, станавіліся расейская праваабаронца Людміла Аляксеева і праваабаронца з Беларусі Алесь Бяляцкі. Лаўрэат прэміі 2018 года будзе абвешчаны 8 кастрычніка - у першы дзень восеньскага пленарнага пасяджэння ПАРЕ.