Заходняя Дзвіна - самая чыстая рака ў Беларусі
- 5.08.2018, 20:59
Апублікаваны рэйтынг беларускіх рэк.
Пра стан навакольнага асяроддзя ў нашай краіне пачалі сур'ёзна задумвацца ўсяго паўтара дзясятка гадоў назад, піша «Витебский курьер». Да гэтага ўсе намаганні былі накіраваны на развіццё вытворчасці - прычым любым коштам. Вось цяпер мы і бачым плён старых метадаў гаспадарання. Між іншым, эколагі адзначаюць, што водныя артэрыі Беларусі пакутуюць ад забруджвання нафтапрадуктамі, злучэннямі металаў і арганічнымі рэчывамі, якія змяшчаюць азот.
Чарговыя факты аб «экстрэмальна брудных» вадаёмах прыводзіць і Белстат. У апублікаваным антырэйтынгу рэк Беларусі першае месца заняла Свіслач. За ёй ідзе Бярэзіна, а замыкае тройку Нёман. Усяго ў спісе дзесяць рэк, сярод якіх Буг, Мухавец, Вілія, Днепр, Сож, Прыпяць.
А самай чыстай аказалася Дзвіна, у якой навукоўцы знайшлі ўсяго 2,46 міліграма нітратаў на 1 літр вады. У разліках улічвалася канцэнтрацыя забруджвальных рэчываў у рачной вадзе за 2017 год.
Даўжыня Заходняй Дзвіны - 1020 кіламетраў, але па тэрыторыі Беларусі - усяго 335 км. Пачынаецца рака на Валдайскім узвышшы з возера Каракіны.
Заходняя Дзвіна - найбольш паўнаводная рака, якая працякае ў Віцебску. Рака ўступае ў горад на паўночным захадзе, працякае па горадзе ўтвараючы падкову, і выходзіць з горада на паўднёвым захадзе. Акрамя таго, на Дзвіне стаіць Полацк, Дзісна і Верхнядзвінск.