У Гомелі пры касцёле стартуюць кінапаказы пад адкрытым небам
- 5.08.2018, 21:23
Паглядзець і абмеркаваць разумнае кіно для душы прапаноўваюць усім ахвочым.
У гомельскай рымска-каталіцкай парафіі аднаўляюць правядзенне кінапаказаў пад адкрытым небам. Першы сеанс у двары касцёла пройдзе ў пятніцу, 10 жніўня, а 21.00, паведаміў katolik.life пробашч парафіі кс. Юры Варонка. Aдрас храма: вул. Савецкая, 118, прыпынкі «Гатэль «Турыст» і «Універсітэт».
Папярэднія паказы збіралі блізу 50 чалавек, у асноўным, гэта моладзь. Для сеансаў традыцыйна адбіраюць папулярныя, але сур'ёзныя фільмы, якія нясуць карысць для душы. Звычайнага забаўляльнага кіно не будзе ў касцёле і з той прычыны, што пятніца для каталікоў і ўсіх хрысціянаў - смутны дзень, калі вернікі ўспамінаюць пакуты і смерць Ісуса Хрыста, прытрымліваюцца посту, устрымліваюцца ад забаў.
Перыядычнасць сустрэч пакуль вызначаецца. Чакаецца, што ў дажджлівыя вечары прагляды будуць праходзіць у зале на першым паверсе храма.
А ў найбліжэйшую пятніцу надвор'е чакаецца гарачым і сухім, таму ўвечары будзе прыемна сабрацца на свежым паветры. Рэкамендуем захапіць з сабой рэпеленты ад камароў - вечарамі іх цяпер асабліва шмат.