BE RU EN

РФ і Японія не дасягнулі прарыву ў пытанні мірнай дамовы і Курыл

  • 10.09.2018, 21:53

Перамовы ва Уладзівастоку не дазволілі вырашыць тэрытарыяльную спрэчку РФ і Японіі што да Курыльскіх выспаў.

Прэзідэнт РФ Уладзімір Пуцін і прэм'ер-міністр Японіі Сіндза Абэ не змаглі дасягнуць істотнага прагрэсу ў пытанні падпісання мірнай дамовы паміж краінамі. Пра гэта Пуцін паведаміў паводле вынікаў сустрэчы з Абэ ва Уладзівастоку ў панядзелак, 10 верасня, паведамляе DW.

«Пытанне гэта абмяркоўваецца многія дзесяцігоддзі. І было б наіўна меркаваць, што можна развязаць яго раптоўна», - адзначыў расейскі прэзідэнт. Японскі прэм'ер падкрэсліў, што падпісанне гэтай дамовы з'яўляецца задачай, якую павінна развязаць іх з Пуціным пакаленне.

У той жа час бакі дамовіліся аб рэалізацыі да канца 2018 года трэцяй японскай бізнэс-місіі на Курыльскіх выспах для канкрэтызацыі праектаў па сумеснай гаспадарчай дзейнасці на спрэчных выспах.

Пасля Другой сусветнай вайны паміж СССР (а затым - Расеяй) і Японіяй дагэтуль не падпісанае мірнае пагадненне. Гэта звязана з тэрытарыяльнай спрэчкай вакол чатырох Курыльскіх выспаў, расейскі суверэнітэт над якімі аспрэчвае Японія.

Апошнія навіны