З 1 студзеня «мінімалка» ў Польшчы складзе 522,5 еўра
- 11.09.2018, 21:10
Урад Польшчы зацвердзіў суму мінімальнага заробку з 1 студзеня 2019 года.
Урад Польшчы пастанавіў, што з 1 студзеня 2019 года мінімальны заробак складзе 2250 злотых брута (522,5 еўра паводле курсу на 11 верасня 2018 года). Прэм'ер-міністр Матэвуш Маравецкі падкрэсліў, што Рада Міністраў рэкамендавала зацвердзіць больш высокую «мінімалку», чым планавалася, перадае «Радыё Польшча».
Матэвуш Маравецкі заявіў, што ўстанаўленне мінімальнага заробку на больш высокім узроўні з'яўляецца яшчэ адным довадам таго, што ўрад выконвае свае абяцанні. Матэвуш Маравецкі нагадаў, што ў канцы кіравання папярэдняй урадавай кааліцыі мінімальны заробак складаў 1750 злотых.
Урад Польшчы ўвёў таксама мінімальную пагадзінную стаўку аплаты працы - яна павялічыцца з 13,70 да 14,70 злотых.
На пасяджэнні 11 верасня ўрад разгледзеў праект пастановы аб суме мінімальнага заробку і мінімальнага гадзіннага заробку ў 2019 годзе. Першапачаткова планавалася, што мінімальны заробак складзе 2220 злотых, а мінімальная гадзінная стаўка - 14,50 злотых.