Кіраўнік парламента Малдовы: А ці патрэбны нам інстытут прэзідэнцтва і прэзідэнт?
- 25.09.2018, 21:29
Канстытуцыйны суд Малдовы часова адхіліў прэзідэнта краіны Ігара Дадона ад пасады.
Кіраўнік парламента Малдовы Андрыян Канду, які часова выконвае абавязкі адхіленага прэзідэнта Ігара Дадона, падпісаў указы аб прызначэнні двух міністраў.
Пра гэта піша NewsMaker.
Сільвія Раду - новая міністарка аховы здароўя, працы і сацыяльнай абароны, а Міністэрства сельскай гаспадаркі ўзначаліў Нікалае Чубука.
Спікер пракаментаваў адмову прэзідэнта Ігара Дадона падпісаць прызначэнне Раду і Чубука.
«Дадон адмовіўся выконваць закон, таму цяпер я выконваю яго абавязкі. Хачу запытацца: а ці патрэбны нам інстытут прэзідэнцтва і прэзідэнт, ці варта выдаткоўваць на гэта грошы, калі ўжо чацвёртым разам мы выконваем яго абавязкі?» - заявіў Канду, выказаўшы надзею, што такое больш не паўторыцца.
«Але ў выпадку чаго, у нас ёсць Канстытуцыйны суд, парламент і ўрад, якія дапамогуць нам пераадолець крызіс», - дадаў Канду.
Канстытуцыйны суд Малдовы часова адхіліў прэзідэнта краіны Ігара Дадона ад пасады.
«Адмова прэзідэнта прызначыць новых міністраў пасля паўторнай прапановы прэм'ер-міністрам кандыдатур з'яўляецца часовай няздольнасцю прэзідэнта выконваць свае абавязкі», - гаворыцца ў пастанове суда.
Гэта ўжо чацвёртае адхіленне дзейнага прэзідэнта Ігара Дадона. Згодна з пастановай КС ад 17 кастрычніка 2017 года, часова выконваць абавязкі прэзідэнта і падпісваць указы аб прызначэнні, у выпадку неабходнасці, могуць спікер парламента ці прэм'ер-міністр.