BE RU EN

Як у Менску з 2006 года забаранялі і дазвалялі гандляваць алкаголем

  • 28.09.2018, 21:59

Няўжо ў чыноўнікаў такая кароткая памяць, і ўлады не зрабілі ніякіх высноў з папярэдняга «сухога закона»?

З 1 кастрычніка 2018 года ў Менску абмяжоўваюць продаж алкаголю ў начны час. Хоць больш правільна сказаць, зноў абмяжоўваюць - з моманту, калі ўлады адмянілі папярэднія абмежаванні, прайшло тры гады і адзін месяц, паведамляе «Еўрарадыё».

Няўжо ў чыноўнікаў такая кароткая памяць, і ўлады не зрабілі ніякіх высноў з папярэдняга «сухога закона»? Журналісты паглядзелі, з якімі фармулёўкамі ў Менску забаранялі і з якімі дазвалялі гандаль алкаголем уначы.

Асноўны лабіст абмежаванняў на продаж алкаголю - міліцыя

Асноўны праціўнік таго, каб пасля 23:00 прамчацца на таксі да найбліжэйшага «начніка» і набыць бутэлечку каньяку, гэта МУС. Ведамства пастаянна выступае за абмежаванні на продаж алкаголю, скарачэнне колькасці начных крамаў, а апошнім часам - за павышэнне ўзросту, з якога можна набываць спіртныя напоі, з 18 да 21 года і за тое, каб у вялікіх крамах былі адгароджаныя асобныя прасторы з алкаголем.

Аргументацыя міліцыі простая: 80% сур'ёзных злачынстваў: забойстваў, разбояў і рабаванняў, выпадкаў нанясення цяжкіх цялесных пашкоджанняў - учыняецца людзьмі ў стане алкагольнага ап'янення. «Большасць гэтых правапарушэнняў не было б учынена, калі б людзі не знаходзіліся пад уплывам алкаголю», - казаў начальнік упраўлення прафілактыкі МУС Алег Каразей.

Таксісты і іншыя

Апошні раз МУС падымала гэтае пытанне ў траўні 2018 года (а перад тым - у верасні 2017-га і ў кастрычніку 2016-га). Усяго за тры месяцы да таго, у лютым 2018 года Аляксандр Лукашэнка казаў, што сумняваецца ў дзейснасці забаронаў і ўзроставых абмежаванняў:

«Калі вы хочаце жулікаў развесці, якія будуць з-пад падлогі - таксісты і іншыя - прадаваць уначы і позна ўвечары алкаголь і кішэні набіваць, гэта можна зрабіць. Забароны, як паказвае гісторыя, вынікаў яшчэ не давалі».

Апошні раз забарона на продаж алкаголю ўначы уводзілася ў Менску ў 2015 годзе і пратрымалася ўсяго два месяцы. Абмежаванні ўводзіліся, як тлумачыў МУС, каб «крымінагенная сітуацыя была кантраляванай, і менш учынялася злачынстваў і правапарушэнняў, звязаных з п'янствам на бытавой глебе». Скасаванне забароны Менгарвыканкам патлумачыў павелічэннем продажаў кантрафакту, якасць якога выклікала сумневы.

Але што змянілася з тых часоў? Няўжо ў Менску за тры гады перавяліся «таксісты», гатовыя прадаць пасажыру бутэлечку гарэлкі, або «іншыя», якія наладжвалі продаж алкаголю праз сацыяльныя сеткі?

25 жніўня 2015 года была знятая папярэдняя забарона на продаж алкаголю ў Менску.

Ну і што цяпер?

Дзеля справядлівасці, з 1 ліпеня 2015 года ў Беларусі дзейнічаюць спецыяльны ўказ і дэкрэт, накіраваныя на ўзмацненне дзяржаўнага рэгулявання ў сферы вытворчасці і абароту алкагольнай прадукцыі. Але сам жа Лукашэнка, казаў, што «пэўныя негатыўныя тэндэнцыі захоўваюцца».

Дарэчы, скасаванне абмежаванняў у 2015 годзе адбылося за два месяцы да «прэзідэнцкіх выбараў». Супадзенне?

Калі ў Беларусі ўпершыню абмяжоўвалі гандаль алкаголем?

З праблемай сурагатнай прадукцыі і контрафактам міліцыя сутыкалася і раней. У 2006-2007 гадах нават дзейнічала частковая забарона на продаж алкагольнай прадукцыі пасля 23:00. Прадстаўнікі МУС распавядалі, што на ценявым рынку праз абмежаванні значна павялічылася колькасць сурагату, небяспечнага для здароўя.

Асобным радком ідзе прапанова МУС забараніць продаж алкаголю асобам ва ўзросце да 21 года. Гэтая тэма падымаецца штогод як мінімум з 2014-га. Аднак пакуль ніякіх змен: ні ўрад, ні Лукашэнка не падтрымліваюць гэтую ініцыятыву. Легальна купіць алкаголь можна адразу пасля 18-га дня нараджэння.

Па кім звоніць звон?

Паводле прагнозу Мінфіна, акцызы павінны скласці 8,9% ад падатковых даходаў кансалідаванага бюджэту Беларусі на 2018 год. Гэта 2 465 553 100 рублёў. Тут улічаны не толькі алкагольныя, але, напрыклад, і тытунёвыя акцызы. Але нескладана здагадацца, што абмежаванне на продаж алкаголю ў Менску прывядзе да істотнага змяншэння гэтай сумы.

Зменшацца таксама падатковыя паступленні ад начных крамаў, якія ўжо заявілі Еўрарадыё, што прагназуюць зніжэнне сваёй рэнтабельнасці. Частка з іх наогул адмовіцца ад таго, каб працаваць 24/7, і будзе закрывацца а 23:00 - калі будзе забаронена прадаваць спіртныя напоі.

Беларуская алкагольная прамысловасць цяпер не ў лепшым стане. Нядаўна абвясціў аб банкруцтве «Падсвільскі вінзавод». «Бабруйскі завод напояў», некалькі гадоў таму абвешчаны банкрутам, 28 верасня заявіў, што пачынае працэдуру ліквідацыі. І ў гэтую нялёгкую часіну вырашана забараніць у Менску начны продаж алкаголю! Чакаем, па кім наступным зазвініць звон.

Апошнія навіны