BE RU EN

Машыніст-інструктар апавёў, што адбылося ў пятніцу ў метро

  • 29.09.2018, 20:24

Андрэй Какошын быў на змене ў дзень здарэння.

Машыніст-інструктар Андрэй Какошын, які працаваў у дзень здарэння ў менскім метро, апавёў tut.by, што адбывалася 28 верасня з 17.50 да 18.03 паміж станцыямі «Кастрычніцкая» і «Плошча Леніна».

Андрэй Какошын, машыніст-інструктар брыгадаў лакаматыўных электрадэпо «Маскоўскае», у дзень здарэння быў на змене.

– 28 верасня ў 17 гадзінаў 47 хвілінаў пры накіраванні электрацягніка №0335-0898-0899-0900-0336 па другім галоўнаму шляху перагону «Кастрычніцкая» – «Плошча Леніна» маршруту № 13, адбылася спрацоўку вентыля замяшчэння № 1 (ВЗ1) тармазной пнеўмасістэмы, чаму не адпускалі пнеўматычныя тармазы. Цягнік спыніўся, – тлумачыць ён.

Паводле ягоных словаў, калі цягнікі спыніліся, у 17 гадзінаў 53 хвіліны ўключылася прытокавая вентыляцыя для забеспячэння паступлення ў тунэль свежага паветра. У 18 гадзін 08 хвілінаў, пасля аднаўлення руху, вентыляцыя была адключаная.

– У выніку неаператыўных дзеянняў машыніста ў выяўленні прычынаў спрацавання вентыля замяшчэння №1 на электрацягніку машыніст не змог прывесці электрацягнік у рух цягам 3 хвілінаў. Цягніковы дыспетчар прызначыў дапаможны цягнік сёмага маршруту, які ішоў за няспраўным цягніком. Пад'ехаўшы да хваставой часткі спыненага цягніка маршруту № 13, машыніст дапаможнага цягніка зрабіў счапленне з няспраўным.

Аднак якраз у гэты час, сцвярджае Андрэй Какошын, машыніст маршруту № 13 ліквідаваў няспраўнасць і даклаў дыспетчару пра тое, што гатовы самастойна прадоўжыць рух. Таму цягнікі зноў расшчапілі.

– Электрацягнік маршруту № 13, пасля высадкі пасажыраў на станцыі «Плошча Леніна» быў адпраўлены ў электрадэпо для агляду. Электрацягнік маршруту № 7 прадоўжыў працу на лініі.

Супрацоўнікі МНС і спецыялісты электрадэпо агледзелі тэхнічны стан электрацягнікоў.

– У выніку агляду цягніка маршруту № 13 у электрадэпо на вагоне № 0336 была выяўленая няспраўная кнопка ўключэння вентыля замяшчэння № 1 (ВЗ1) на блоку № 6 пульта кіравання кабіны машыніста. Была праведзеная замена кнопкі. Далей электрацягнік №0335-0898-0899-0900-0336 прадоўжыў планавую працу. Прыносім прабачэнні пасажырам метрапалітэна за нязручнасці, – кажа машыніст-інструктар.

Сёння, паведамляюць у метрапалітэне, цягнік працуе на лініі.

Нагадаем, нягледзячы на тое, што афіцыйны прадстаўнік метрапалітэна заявіў, што прычынай спынення стала тэхнічная няспраўнасць цягніка ў перагоне паміж станцыямі «Кастрычніцкая» і «Плошча Леніна», на форумах і ў сацсетках абмяркоўвалі сутыкненне цягнікоў.

«Спыніліся незадоўга да прыбыцця на станцыю метро "Плошча Леніна". Пайшоў пах гарэлага па вагонах, я была ў другім. Былі некаторыя спробы зрушыць з месца, штуршкі былі нямоцныя. Праз хвілінаў 7 адбыўся моцны штуршок, ад якога я ўпала, бо не трымалася ні за што. Быў вельмі рэзкі штуршок, я нават не сцяміла, што ўжо на падлозе ляжу. Вось пасля гэтага моцнага штуршка пачалася некаторая паніка ў людзей», – напісала на пошту чытачка Алёна П.

У метрапалітэне запэўніваюць, што за сутыкненне людзі прынялі штуршкі пры счэпцы-расчэпцы цягнікоў.

Апошнія навіны