BE RU EN

Падзенне эканомікі РФ не спыніць, а сур'ёзных санкцый нават не ўводзілі

  • 29.09.2018, 20:48

Будучыня Расеі – гэта стагнацыя.

Кошт за бараль нафты цяпер складае 80 дал., а рубель пры гэтым падае. Не расце, а падае. Гэта розніца з тым, што адбывалася раней. Адначасова глядзім на гадавыя тэмпы эканамічнага росту. Паводле першага квартала звесткі ў Расеі прыкладна 1,5%. Яшчэ чакаецца прыкладна 1,3–1,4%, піша эканаміст Андрэй Іларыёнаў для «Обозревателя».

Калі мы паглядзім на пачатак 2000-х гадоў, а менавіта на 2000-ы год, то кошт нафты складаў 22 дал. за бараль, а тэмпы эканамічнага росту – 10% за год. Цяпер кошт на нафту ў тры разы вышэйшы, чым быў у 2000-м, але ён не здольны генераваць эканамічны рост у супастаўнасці з тым, што было. І пры гэтым адбываецца падзенне курсу рубля.

Гэта сведчыць пра тое, што высокія кошты на нафту і дадатковыя валютныя сродкі, якія ўліваліся ў расейскую эканоміку і бюджэт, дзейнічалі некаторы час таму. А вось цяпер не дзейнічаюць.

І гэта пры тым, што сур'ёзных санкцый яшчэ нават ніхто не ўводзіў, проста сказалі, што гэта можа здарыцца. І толькі на гэтую інфармацыю рынкі адрэагавалі масавым вывадам валюты з Расеі. Гэта сведчыць пра якасныя эканамічныя і псіхалагічныя змены ў Расеі за апошнія 18 гадоў.

Таму будучыня Расеі – гэта стагнацыя. Прагназаваць глыбокі крызіс або глыбокую катастрофу – я не стаў бы. Пакуль яшчэ расейская эканоміка з'яўляецца базавай-рынкавай, дастаткова дыверсіфікаванай, з досыць кваліфікаванымі кадрамі. Насамрэч гэта вялікая і досыць устойлівая эканоміка, і казаць, што яна будзе разарваная на шматкі, як у свой час казаў Абама, гэта не мае дачынення да рэальнасці.

Але чакаць, што ў гэтых варунках расейская эканоміка будзе расці на 6–8%, як яна расла цягам 10 гадоў, з 98-га да 2008-га, няма ніякіх падставаў. Асноўны прагноз, з якім згодная большасць спецыялістаў і ўнутры Расеі, і за яе межамі, гэта стагнацыя на ўзроўні не вышэйшым за 2% за год.

Апошнія навіны