BE RU EN

Кіраўнік МЗС КНДР назваў давер да ЗША ўмовай для раззбраення

  • 29.09.2018, 21:10

Дакумент, які абавязвае Паўночную Карэю да дэнуклеарызацыі, быў падпісаны паводле вынікаў сустрэчы Дональда Трампа і Кім Чэн Ына.

Пры адсутнасці даверу да ЗША Паўночная Карэя "ні ў якім выпадку" не мае намеру "праводзіць раззбраенне ў аднабаковым парадку". Пра гэта міністр замежных справаў КНДР Лі Ён Хо заявіў у суботу, 29 верасня, на Генеральнай Асамблеі ААН, піша "Нямецкая хваля".

Сваёй палітыкай "дэнуклеарызацыі перш за ўсё" ў дачыненні да Паўночнай Карэі ЗША маюць намер дамагчыся пастаўленых мэтаў "прымусовым чынам", мяркуе міністр. Паводле ягоных словаў, падобныя захады "смяротна небяспечныя для выбудоўвання даверу". Кіраўнік паўночнакарэйскага МЗС назваў "пустой марай" ідэю пра санкцыі як пра інструмент, здольны "паставіць на калені" КНДР.

Пра поўнае ядзернае раззбраенне на Карэйскім паўвостраве кіраўнік КНДР Кім Чэн Ын дамовіўся з прэзідэнтам Паўднёвай Карэі Мун Чжэ Інам падчас карэйска-карэйскай сустрэчы на найвышэйшым узроўні 27 красавіка ў памежнай вёсцы Пханмунджом. У чэрвені будучыня паўночнакарэйскай ядзернай праграмы стала адной з тэмаў саміту ЗША-КНДР у Сінгапуры.

Паводле вынікаў сустрэчы Дональда Трампа і Кім Чэн Ына бакі падпісалі супольны дакумент, які абавязвае Паўночную Карэю да поўнай дэнуклеарызацыі Карэйскага паўвострава. На саміце лідараў Паўднёвай Карэі і КНДР у верасні ў Пхеньяне Паўночная Карэя абавязалася канчаткова закрыць выпрабавальны ракетны палігон "Сохэ" і спыніць эксплуатацыю размешчанай на ім пускавой устаноўкі.

Апошнія навіны