У Берасці ў прадаўца іншамаркі канфіскавалі $10 000, атрыманыя за продаж аўто
- 30.09.2018, 21:27
Акрамя таго, яго аштрафавалі на 50 базавых.
АУС адміністрацыі Ленінскага раёна горада Берасця нагадвае, што асобы, якія прынялі замежную валюту ў якасці плацежнага сродку, падлягаюць прыцягненню да адказнасці. Указам прэзідэнта Беларусі №49 ад 2015/02/09 за гэта прадугледжанае пакаранне ў выглядзе штрафу ад 50 да 100 базавых велічынь, канфіскацыя прадмета ўгоды, а таксама канфіскацыя замежнай валюты i iншых грашовых сродкаў, якія знаходзіліся ў вінаватай асобы пры сабе на момант учынення правапарушэння, паведамляе «Брестская газета».
У якасці прыкладу АУС паведамляе пра выпадак, калі мужчына прадаў асабісты аўтамабіль «Фольксваген Джэта» коштам 20 000 беларускіх рублёў, але ў якасці платы прыняў замежную валюту ў суме 10 000 даляраў ЗША. У выніку ён падпаў пад адміністрацыйнае спагнанне ў выглядзе штрафу сумай 50 базавых велічынь з канфіскацыяй прадмета правапарушэння (10 000 даляраў ЗША).