BE RU EN

Румас вызначыў сябраў рабочай групы «інтэграцыі» Беларусі і Расеі

  • 10.01.2019, 21:01

Усяго ў рабочую групу ўключана 30 беларускіх чыноўнікаў.

Распараджэннем прэм'ер-міністра Беларусі Сяргея Румаса створаная рабочая група выпрацоўкі прапаноў аб далейшым развіцці беларуска-расейскай інтэграцыі. Яе ўзначальвае міністр эканомікі Дзмітрый Круты, паведаміла прэс-служба ўрада.

Згодна з дакументам, працоўная група будзе выпрацоўваць прапановы аб далейшым развіцці беларуска-расейскай інтэграцыі і ўносіць іх у Савет міністраў (пры неабходнасці з праектамі нарматыўных прававых актаў). Групе таксама неабходна забяспечыць узаемадзеянне з калегамі з Расеі.

У склад рабочай групы з беларускага боку акрамя Крутога ўвайшлі міністр энэргетыкі Віктар Каранкевіч, старшыня «Белнафтахіму» Андрэй Рыбакоў, пасол Беларусі ў Расеі Уладзімір Сямашка, «дэпутат» Валерый Варанецкі, сенатарка Ала Бодак і намеснікі кіраўнікоў большасці міністэрстваў і ведамстваў. Усяго ў рабочую групу ўключана 30 беларускіх чыноўнікаў.

Дзмітрый Круты пасля сённяшняй нарады ў адміністрацыі Лукашэнкі заявіў: рабочая група толькі пачала фармаванне павесткі перамоў, праводзіцца аналіз усёй дамоўнай базы Саюзнай дзяржавы, Еўразійскага эканамічнайга саюза.

Разам з тым, падкрэсліў ён, дата першага пасяджэння рабочай групы яшчэ не вызначаная.

Прэм'ер-міністр Расеі Дзмітрый Мядзведзеў падпісаў распараджэнне аб стварэнні расейска-беларускай рабочай групы для абмеркавання розных аспектаў інтэграцыі і спрэчных пытанняў 28 снежня 2018 года. Ад расейскага боку групу ўзначаліў міністр эканамічнага развіцця Максім Арэшкін. У склад групы таксама ўвайшлі прадстаўнікі розных ведамстваў, Дзяржаўнай думы, Савета Федэрацыі і Падліковай палаты.

Стварэнне такой структуры было адным з вынікаў перамоў кіраўнікоў Беларусі і Расеі 25 снежня. Тады міністр фінансаў РФ Антон Сілуанаў распавёў, што дасягнутая дамоўленасць аб стварэнні рабочай групы, якая «будзе рыхтаваць прапановы аб нашай далейшай інтэграцыі і развязанні тых надзённых пытанняў, якія турбуюць урады нашых краін».

Апошнія навіны