Парагвай разарваў дыпламатычныя стасункі з Венесуэлай праз узурпацыю ўлады Мадура
- 10.01.2019, 21:20
Таксама свайго часовага паверанага з Каракаса для кансультацый адклікала Перу.
Парагвайскі прэзідэнт Марыё Абдо Бенітэс заявіў, што краіна разрывае дыпламатычныя стасункі з Венесуэлай. Пра гэта паведамляе РБК са спасылкай на El Nacional. Заява была зробленая пасля таго, як кіраўнік Венесуэлы Нікалас Мадура ўзяў удзел у цырымоніі інаўгурацыі і пераабраны на новы тэрмін. Прэзідэнт адзначыў, што Парагвай, як і астатнія 12 сябраў групы Ліма (аб'яднанне шэрагу лацінаамерыканскіх краін), не прызнаюць «вынікі нелегітымнага выбарчага працэсу».
Урад Парагвая асудзіў «разбурэнне канстытуцыйнага ладу і вяршэнства закона» ў Венесуэле пасля «перавыбрання» Мадура, а таксама паведаміў пра закрыццё амбасады ў Каракасе і неадкладнае адкліканне парагвайскіх дыпламатаў з баліварыянскай рэспублікі.
Са слоў Абдо, разрыў дыпламатычных стасункаў не азначае, што Парагвай спыніць выконваць свае абавязанні перад Венесуэлай па запазычанасці парагвайскай нафтавай кампаніі Petropar перад венесуэльскай PDVSA. Цяпер гэта пытанне разбіраецца ў судзе, дадаў Абдо. PDVSA патрабуе з Petropar $265 млн плюс 2% гадавых паводле запазычанасці, якая ўзнікла пасля заключэння пагаднення аб пастаўках дызельнага паліва з Парагвая ў Венесуэлу.
Перуанскія ўлады адклікалі часовую павераную ў справах Перу ў Венесуэле Розу Альварэс Нуньес для кансультацый, пра гэта гаворыцца на сайце МЗС Перу. Таксама ўрад Перу абмежаваў уезд у краіну Нікаласу Мадура і яшчэ 100 чыноўнікам і звязаным з венесуэльскім прэзідэнтам. Акрамя таго, перуанскія банкаўскія ўстановы перасталі кантактаваць з венесуэльскімі фінансавымі інстытутамі. Улады Перу заявілі, што падтрымліваюць Нацыянальны сход Венесуэлы і не прызнаюць легітымнасць Мадура.
Дзяржсакратар ЗША Майк Пампея асудзіў «незаконную ўзурпацыю ўлады» ў Венесуэле пасля таго, як Мадура прынёс прысягу ў якасці венесуэльскага лідара, паабяцаўшы і надалей аказваць ціск на Каракас. Дарадца прэзідэнта ЗША ў нацбяспецы Джон Болтан адзначыў, што Вашынгтон будзе і надалей падтрымліваць «дэмакратычны Нацыянальны сход і заклікаць да аднаўлення дэмакратыі і свабоды ў Венесуэле».