Трамп адмовіўся ехаць у Давос
- 10.01.2019, 21:47
Прычынай такой пастановы прэзідэнт ЗША назваў «непрымірымасць дэмакратаў» што да будаўніцтва агароджы на мяжы з Мексікай.
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп скасаваў свой візіт на Сусветны эканамічны форум у Давосе.
Пра гэта ён напісаў у Twitter.
«Праз непрымірымасць дэмакратаў у пытаннях бяспекі межаў і вялікага значэння бяспекі для нашай краіны, я з павагай скасоўваю сваю вельмі важную паездку ў швейцарскі Давос на Сусветны эканамічны форум», - напісаў Трамп. Ён таксама перадаў кіраўніцтву СЭФ свае прабачэнні.
Раней Трамп заяўляў, што скасуе свой візіт на СЭФ у выпадку, калі ў ЗША працягнецца «шатдаўн» - прыпыненне працы шэрагу ўрадавых амерыканскіх ведамстваў, якое доўжыцца з канца снежня.
Рознагалоссі паміж рэспубліканцамі і дэмакратамі паўсталі праз фінансаванне «агароджы Трампа», у выніку бакі не змаглі прыняць бюджэт на гэты год.