Украіна звярнулася да Балгарыі з заклікам не прымаць караблі РФ, якія ідуць з партоў Крыма
- 15.01.2019, 21:58
Пра гэта заявіў амбасадар Украіны ў Балгарыі Віталь Маскаленка.
Амбасадар Украіны ў Балгарыі Віталь Маскаленка заклікаў балгарскія ўлады не прымаць судны, якія заходзілі ў парты анэксаванага Крыма. Пра гэта паведамляе gordonua.com са спасылкай на балгарскае выданне Faktor.bg.
Між іншым, Маскаленка заклікаў не прымаць судна BEST-1, якое выйшла з расейскага порта Растоў-на-Доне з вуглём у балгарскі порт Бургас. З ягоных слоў, карабель увайшоў у акупаваны Крым з парушэннем дзяржаўнай мяжы Украіны.
«Украіна звяртаецца да Балгарыі з заклікам не прымаць расейскі карабель BEST-1 у Бургасе, бо ў адваротным выпадку гэта будзе азначаць, што яна як сябра Еўрапейскага звязу не падтрымлівае санкцыі супраць Расеі. Мы будзем настойваць на тым, каб расейскія судны, якія ідуць з Крыма, не пускалі ў балгарскія воды. Гэта не першы выпадак правакацыі з боку Крамля. Такія дзеянні не толькі не спыняюцца, але і ўзмацняюцца», - сказаў ён.
Расея анексавала Крым пасля незаконнага рэферэндуму 16 сакавіка 2014 года. Далучэнне паўвострава да РФ не прызнаецца Украінай і большасцю краін свету.