Зяленскі запусціў відэаблог
- 26.01.2019, 20:48
Шоўмэн абвесціў, што пакажа другі бок палітыкі Украіны.
Шоўмэн Уладзімір Зяленскі, які падаў дакументы для рэгістрацыі кандыдатам у прэзідэнты Украіны, абвесціў 26 студзеня ў Facebook пра з'яўленне відэаблога (влога) сваёй выбарчай каманды.
"Як стаць палітыкам, пры гэтым застацца чалавекам, сапраўдным? На гэта ўсё ёсць адказы ў маім влогу. Новы влог, які пакажа другі бок палітыкі Украіны. Мы вам пакажам усё ўжывую: хто мы, дзе мы, як усё выправіць... Ну, будзем спрабаваць гэта зрабіць", – сказаў Зяленскі.
Прэзідэнцкія выбары пройдуць 31 сакавіка 2019 года. 31 снежня 2018 года ў краіне стартавала прэзідэнцкая выбарчая кампанія.
У навагоднюю ноч Зяленскі паведаміў у эфіры тэлеканала "1+1", што будзе балатавацца ў прэзідэнты Украіны.
21 студзеня 2019 года палітычная партыя "Слуга народа" на пазачарговым пасяджэнні аднагалосна прыняла пастанову пра вылучэнне Зяленскага кандыдатам у прэзідэнты Украіны.
25 студзеня Зяленскі падаў дакументы ў ЦВК для рэгістрацыі кандыдатам у прэзідэнты. Ён заявіў, што над перадвыбарчай праграмай працавала інтэрнэт-супольнасць, «людзі, якія ўвайшлі ў "Зе каманду"», і эксперты, і заклікаў яе дапаўняць і крытыкаваць.
У электроннай дэкларацыі за 2018 год, якую Зяленскі падаў у ЦВК, паказана, што ён валодае нерухомасцю, 99,9% ТАА "Студыя Квартал – 95", з'яўляецца канчатковым бенефіцыярам фірмаў на Кіпры, у Белізе, на Брытанскіх Віргінскіх Выспах і ў Італіі. У палітыка таксама ёсць ашчаджэнні ў банках і сродкі ў далярах, еўрах і грыўнах.