«Беларусбанк» падоўжыў мараторый на выдачу крэдытаў на набыццё жылля
- 3.01.2019, 21:41
Найбуйнейшы банк краіны захоўвае ўведзеныя 8 лістапада мінулага года ўмовы крэдытавання нерухомасці.
«Беларусбанк» агучыў, што ўстанова захоўвае ўведзеныя 8 лістапада мінулага года ўмовы крэдытавання нерухомасці. Працэнты па крэдыце ў далейшым будуць складаць стаўку рэфінансавання Нацбанка, павялічаную на 5%. Адначасова працягваецца абмежаванне прыёму новых крэдытных заявак на набыццё жылых памяшканняў, а таксама на выдачу крэдытаў на спажывецкія патрэбы.
На паведамленне банка спажывецкія крэдыты ў межах крэдытнага канструктара тэрмінам да 4,5 гадоў незалежна ад спосабу забеспячэння выканання абавязанняў па крэдытных дамовах, таксама як і крэдыты на нерухомасць будуць недаступныя да 31 студзеня 2019 года.
«Звяртаем вашу ўвагу, што крэдытаванне будаўніцтва і набыцця жылля з дзяржаўнай падтрымкай ажыццяўляецца банкам у адпаведнасці са штогадовай пастановай урада Беларусі. Пытанні фармавання палітыкі ў гэтай галіне знаходзяцца ў кампетэнцыі Міністэрства архітэктуры Рэспублікі Беларусь», - адзначаецца ў заяве банка.
Адсутнасць магчымасці выдачы крэдытаў для насельніцтва найбуйнейшым банкам краіны абумоўлена ў тым ліку і адсутнасцю ў банка танных грошай.