Дзякуем санкцыям: неўзабаве Расея знікне з рынку нафты
- 5.01.2019, 20:26
З 2016 года ў РФ не было распрацавана ніводнага новага радовішча нафты.
Пра тое, што ў Расейскай Федэрацыі вычэрпваюцца існыя радовішчы нафты, і пасля пікавых паказчыкаў здабычы, прызначаных на 2020-2021 гады, пачнецца імклівы спад, гаварылася і пісалася неаднаразова, піша блогер Злы адэсіт для inforesist.org.
Прычым не толькі аналітыкамі і экспэртамі ў "адной асобе", а адзначалася ў даследаваннях вялікіх і вартых павагі кампаній, аналітычных бюро і нават афіцыйных структур самой РФ. Так, у гэтым выпадку я маю на ўвазе Мінпрыроды Расеі, у якім б'юць трывогу ўжо не першы год.
Рэч у тым, што Міністэрства прыроды РФ, як ніякае іншае ведае пра варты жалю стан радовішчаў у Расеі, прадставіла напярэдадні Новага года на разгляд урада "Стратэгію мінеральна-сыравіннай базы да 2035 года". Што цікава, паводле звестак даследавання, прадстаўленых у гэтай стратэгіі, у 2025 годзе Расея апынецца ў пункце незвароту, калі пачнецца незваротны працэс дэградацыі нафтаздабывальнай галіны ў краіне.
Фактычна, падзенне здабычы нафты ў Расеі перавысіць да 2035 года 55%, і скароціцца з цяперашніх, рэкордных 11,4 млн барэляў за дзень да 6,3 млн барэляў за дзень, і нават менш. А гэта ўжо поўная катастрофа для РФ, і вось чаму.
Рэч у тым, што Расея для сваіх патрэб спажывае блізу 6 млн барэляў нафты за дзень. Астатняе ідзе на экспарт, што разам з прыбыткам ад экспарту газу складае падмурак бюджэту Расейскай Федэрацыі. Але, пры падзенні здабычы да вышэй агучаных паказчыкаў, РФ папросту застанецца без адной з асноўных крыніц даходаў у бюджэт, і больш за тое, можа ператварыцца ў імпарцёра нафты!
У пэўнай і нават значнай меры, за гэта варта дзякаваць санкцыям ЗША, якія былі накладзеныя на перадачу расейскім кампаніям тэхналогій. Менавіта без сучасных тэхналогій Расея не здольная праводзіць якасную выведку новых радовішчаў і ажыццяўляць іх распрацоўку, бо значная іх частка належыць да цяжказдабывальных.
Фактычна, з 2016 года ў Расеі не было распрацавана ніводнага новага радовішча нафты. І нават пры захаванні цяперашняга ўзроўню абмежаванняў на прадастаўленне тэхналогій і абсталявання Расеі, без уліку магчымага ўзмацнення жорсткасці санкцый, РФ не зможа развіваць сваю нафтаздабывальную галіну.
А таму, сапраўды, Крамлю ёсць чаго баяцца. Але, з іншага боку, 2035-ы год? Гэта ўжо будуць праблемы зусім іншага ўрада і зусім іншага прэзідэнта. Светлая будучыня - яна такая!