У Польшчы перакуліўся аўтобус з беларускімі лыжнікамі і сноўбардыстамі
- 6.01.2019, 21:26
У аўтобусе знаходзілася 57 пасажыраў.
У Падкарпацкім ваяводства Польшчы ў аварыю трапіў аўтобус з беларускімі лыжнікамі і сноўбардыстамі, паведамляе «Радыё Свабода».
Здарэнне адбылося пад 17 гадзін беларускага часу. Паводле інфармацыі дарожнай службы, на аўтадарозе нумар 19 сутыкнуліся адразу тры аўтамабілі - фура, легкавы аўтамабіль і аўтобус.
Паводле папярэдняй інфармацыі, кіроўцу фуры занесла і ён сутыкнуўся з аўтамабілем Hyundai. Кіроўца аўтобуса, каб пазбегнуць сутыкнення, заехаў у кювет. У аўтобусе знаходзілася 57 пасажыраў, грамадзяне Беларусі.
Паведамляецца, што ў аварыі загінулі два чалавекі. Гэта 40-гадовы мужчына і 39-гадовая жанчына, якія знаходзіліся ў легкавушцы Hyundai. Двух пасажыраў ва ўзросце 2 і 11 гадоў даставілі ў шпіталь.
Сярод грамадзян Беларусі, якія ехалі ў аўтобусе, пацярпелых няма. Некалькі гадзін беларусы правялі ў будынку пажарнай службы. Праз дзве гадзіны іх забраў іншы аўтобус і яны прадоўжылі падарожжа.