BE RU EN

Кампутары Мэркель і сотняў нямецкіх палітыкаў узламаў студэнт

  • 8.01.2019, 21:17

20-гадовы нямецкі студэнт жыве з бацькамі ў зямлі Гесэн і дзейнічаў у адзіночку.

Нямецкая паліцыя ў аўторак абвясціла, што чалавекам, які ўзламаў пошту і асабістыя старонкі сотняў палітыкаў Нямеччыны, уключаючы канцлерку Ангелу Мэркель і прэзідэнта Франка-Вальтэра Штайнмаера, аказаўся 20-гадовы нямецкі студэнт. Яго імя не апублікаванае, паведамляе ВВС.

Федэральная крымінальная паліцыя Нямеччыны абвясціла ў аўторак, што студэнт быў арыштаваны ў нядзелю і прызнаўся ва ўзломе і ў тым, што яшчэ летась выклаў усе гэтыя звесткі на ананімнай старонцы ў «Твітэры». Уцечка была знойдзеная толькі некалькі дзён таму.

У заяве паліцыі гаворыцца, што затрыманы жыве з бацькамі ў зямлі Гесэн і дзейнічаў у адзіночку. Ён з гатоўнасцю супрацоўнічае са следствам і таму не ўзяты пад варту.

«Ён сказаў, што апублікаваў звесткі, таму што яго абуралі некаторыя заявы тых, чые звесткі ён апублікаваў», - сказаў журналістам прэс-сакратар падраздзялення пракуратуры ў барацьбе з інтэрнэт-злачынствамі Георг Унгефук.

Уцечку выявіла 3 студзеня нямецкая радыёстанцыя RBB, але велізарны масіў асабістых звестак нямецкіх палітыкаў быў паступова выкладзены ў «Твітэр» на працягу снежня. Цяпер гэта старонка заблакаваная.

Паводле падлікаў газеты Bild, ахвярамі ўзлому сталі 405 палітыкаў рознага ўзроўню з правячага альянсу ХДС/ХСС, 294 палітыкі з Сацыял-дэмакратычнай партыі, 105 сябраў партыі «зялёных», 82 сябры Левай партыі і 28 сябраў Партыі Свабодных дэмакратаў.

Такім чынам, закранутымі апынуліся ўсе прадстаўленыя ў бундэстагу партыі, акрамя «Альтэрнатывы для Нямеччыны».

Акрамя таго, зламыснік выклаў асабістыя звесткі і перапіску дзясяткаў журналістаў і зорак-шоу бізнэсу.

Як паведамілі нямецкія ўлады, хакер запампоўваў усю гэтую інфармацыю да канца кастрычніка 2018 года.

Урад Нямеччыны наступнай раніцай 4 студзеня склікаў экстранную нараду і заявіў, акрамя іншага, што ўцечкі важнай канфідэнцыйнай інфармацыі, звязанай з Мэркель, выяўлена не было.

Расследаваннем уцечкі займаліся Федэральнае бюро бяспекі інфатэхналогіі (BSI), а таксама выведка, контрвыведка і паліцыя Нямеччыны.

Апошнія навіны