BE RU EN

У Латвіі экс-мэр Рыгі Ушакоў страціў уладу ў прарасейскай партыі

  • 26.10.2019, 18:59

Рэйтынг партыі дасягнуў дзесяцігадовага мінімуму.

У суботу на кангрэсе латвійскай партыі "Згода" быў абраны новы старшыня - дэпутат Сейма Яніс Урбановіч. Партыя, якая традыцыйна прадстаўляе расейскамоўных выбаршчыкаў, знаходзіцца ў крызісе, а яе рэйтынг дасягнуў дзесяцігадовага мінімуму, паведамляе BBC.

У красавіку 2019 года на фоне карупцыйнага скандалу кіраўнік партыі Ніл Ушакоў быў адхілены ад выканання абавязкаў мэра Рыгі. У траўні яго абралі ў Еўрапарламент, а ў ліпені ён атрымаў статус падазраванага паводле справы аб карупцыі.

Новым старшынём "Згоды" стаў дэпутат Яніс Урбановіч, які ўжо ўзначальвае парламенцкую фракцыю "Згоды" ў Сейме. Ушакоў застаецца сябрам партыі.

Урбановіч дагэтуль быў другім чалавекам у "Згодзе". Ён паабяцаў сканцэнтравацца на ўнутрыпартыйных праблемах.

Партыя атрымлівала першыя месцы на трох апошніх парламенцкіх выбарах, дзесяць гадоў кіравала Рыжскай думай і дагэтуль мае большасць у шэрагу органаў мясцовага самакіравання.

Аднак цяпер рэйтынг "Згоды" абрынуўся да дзесяцігадовага мінімуму - 14,5%, паводле звестак сацыялагічнай кампаніі SKDS. Мясцовыя СМІ паведамляюць, што партыя набрала пазык амаль на 400 тысяч еўраў.

На кангрэсе ў суботу чальцы партыі адкрыта казалі пра крызіс, крытыкавалі СМІ за адсутнасць падтрымкі, патрабавалі перамен і абвінавачвалі адзін аднаго ў "этнічным нацыяналізме".

У СМІ гучалі заклікі пазбавіцца ад "культу асобы" Ушакова. Кангрэс, на якім павінны былі абраць новага кіраўніка, адкладаўся двойчы.

Апошнія навіны