Дзмітрый Быкаў: Пасля Пуціна прыйдзе чалавек, якога мы не ведаем
- 30.10.2019, 21:37
Перамены ў Расеі адбудуцца яшчэ да канца прэзідэнцтва Уладзіміра Пуціна.
Сённяшнія падзеі ў РФ можна параўнаць са «змрочным сямігоддзем» мікалаеўскай эпохі сярэдзіны 19 стагоддзя. Пра тое, чым з'яўляецца сучасная Расея і што цікавіць прагрэсіўную моладзь больш за ўсё, у інтэрв'ю «Белсату» распавёў расейскі пісьменнік і публіцыст Дзмітрый Быкаў.
- У Расеі вырасла цэлае пакаленне, якое ў сваім свядомым узросце не ведае Расеі без Пуціна. Крэмль баіцца гэтай моладзі?
- Крэмль яе баіцца такім ірацыянальным містычным страхам, якім мінулае заўсёды баіцца будучыні. Гэта - ірацыянальны страх на мяжы агіды. Але штука ў тым, што, па-першае, Уладзімір Пуцін пра гэтых людзей паняцця не мае, ён іх баіцца тэарэтычна, адсюль справы «Нового величия», «Сети» і гэтак далей, а па-другое, гэтыя людзі няўлоўныя. Яны хапаюць выпадковых людзей, а сапраўдных арганізатараў сітуацыі яны не бачаць. А хто ведаў Леніна ў 1915 годзе? Тры чалавекі.
- Гэта значыць пасля Пуціна прыйдзе несістэмны чалавек?
- Прыйдзе чалавек, якога мы не ведаем.
- Гэта значыць ён зараз не займае нейкую пасаду?
- Можа, займае, але мы пра гэта не ведаем. Мы ж не ведаем, якія ў іх ёсць падраздзяленні. Што мы ведаем пра Цэнтр «Э»? Што мы ведаем пра механізмы працы Расгвардыі? Што ведалі пра падраздзяленні Судаплатава (камісара дзяржбяспекі НКУС - Заўвага. Belsat.eu) большасць насельніцтва Расеі? Нічога.
- Вы зараз кажаце пра людзей, якія знаходзяцца ўнутры гэтай сістэмы.
- Не ведаю. Калі шчыра, я не бачу контуру гэтай сістэмы. Я не ведаю, як зараз кіруецца Расея. Губернатары нічым не кіруюць - гэта я ведаю. А хто кіруе - гэта пытанне.
«Для моладзі ўлада - выпадковая, нецікавая перашкода»
- Вы шмат маеце зносіны з моладдзю. Вы заўважаеце сярод гэтай моладзі настрой бунту?
- Гэта не настрой бунту. Бунт - гэта плоская з'ява, супраць чагосьці.
- Супраць улады.
- Улада для іх - гэта выпадковая, нецікавая перашкода. Ворагам гэтых людзей з'яўляецца смерць. Іх ідэя - дасягнуць фізічнай неўміручасці або пашырыць межы разумова актыўнага ўзросту. Іх вораг - клімат. Яны змагаюцца з іманентнымі грубымі рэчамі.
А ўрад - гэта маленькі не вельмі цікавы рудымент. Для каго Уладзімір Пуцін можа прадстаўляць цікавасць? Ён і чыста чалавечай, мастацкай цікавасці не ўяўляе. Мне было б нецікава пісаць пра яго раман. Які раман можа быць пра Пуціна? А вось раман пра гэтых людзей магчымы.
- З іншага боку, улада, Пуцін, Крэмль - гэта зразумелая форма, супраць якой можна пратэставаць. Гэта як увасабленне кіруючай сістэмы ў Расеі.
- Усе выступаюць не супраць сістэмы, усе выступаюць супраць цыклічнасці расейскай гісторыі. Гэта вечнае паўтарэнне цыклу ўсім надакучыла.
- З якім перыядам расейскай гісторыі вы б параўналі сённяшнія падзеі?
- Цалкам адназначна з 1848-1855 так званае «змрочнае сямігоддзе» мікалаеўскай эпохі. Літаратуры няма, усе людзі будучыні альбо сядзяць, альбо выехалі, канцэнтрацыя і кансервацыя - з апошніх сіл, поўны адчай на вярхах, адчай у нізах. Потым выходзіць кніга Някрасава «Стихотворения», і пачынаюцца перамены.
Мы стаім на парозе адраджэння. Цёмныя стагоддзі ззаду, новыя - рэнесанс - наперадзе. Звярніце ўвагу, што персанажы тыпу Гары Потэра, заўсёды з'яўляюцца ў цёмныя стагоддзі, як абяцанне светлых часоў. Як Хрыстос між антычнасцю і адраджэннем, як Гамлет і Дон Кіхот паміж адраджэннем і асветай, як Астап Бэндэр паміж 20-мі і 60-мі гадамі. Ужо праз пяць гадоў будзе смешна ўспамінаць, што быў нейкі Трамп, брэкзіт, ІДзІЛ. Чалавецтва стаіць на парозе вялікай мадэрновай рэвалюцыі, якая да канца гэтага стагоддзя прывядзе да дасягнення неўміручасці.
- Дзмітрый Львовіч, ёсць такое выказванне: кожны народ мае той урад, які заслугоўвае. Вы згодныя з гэтым?
- Згодзен.
- Што не так з расейскім народам? Я не хачу нікога пакрыўдзіць. Такая сітуацыя ёсць у многіх постсавецкіх краінах: карумпаваная ўлада, аўтарытарызм і гэтак далей.
- Гэта ўсё называецца трайбалізм. Гэта нармальны адкат пасля з'яўлення волі. Свабоду далі, потым з'яўляецца нейкі Юльян Адступнік, які на кароткі час уваскрашае мінулае і гэта мінулае здаецца вечным. Потым Юльяна Адступніка змятае рух гісторыі.
- Але свабоду далі 30 гадоў таму.
- А ці не хутка ўсё робіцца. Я думаю, што ў межах 40 гадоў, як гаворыцца ў Майсея. Не для таго, каб рабы вымерлі, а каб свабодныя нарадзіліся і выраслі.
З іншага боку, што значыць улада? Чым валодае Пуцін? Ці можна кіраваць Расеяй у рэжыме ручнога кіравання? Ведама не. Расея зусім непадуладная краіна, яна даўно развіваецца сама. Падаткі плацяць падданыя для таго, каб улада не лезла ў іх справы, каб яна ім не замінала. Яна замінае і спрабуе кіраваць, але не можа гэтага рабіць.
Хутка гэтая бачнасць будзе ціха знесеная рухам часу.
- Гэтае выказванне пачатку 19 стагоддзя, і яно тычылася Расеі. Што памянялася ў Расеі з таго часу?
- Нічога. Прагрэс ёсць толькі ў адным - усё паскараецца: падарожжа, сувязь, пошта. А маральны прагрэс вельмі праблематычны. У Расеі шмат у чым, не тое што з 19, а з 16 стагоддзя не так ужо шмат памянялася. Радыкальныя перамены прынёс Пётр. Цяпер мы чакаем новага Пятра.
- Расейцы ў рэгіёнах не задаволеныя ўладай.
- Яны ў ёй не маюць патрэбы, вось што самае страшнае. Тое, што яны не задаволеныя - гэта паўбяды. Яны яе ігнаруюць.
- Затое ўлада не ігнаруе іх.
- Не ігнаруе, але што яна можа?
- Можа ўшчамляць іх правы, хаця б.
- Не можа. Таму што ў Расеі ўшчамленне гэтых правоў адбываецца на знешнім узроўні, а жыццё адбываецца на ўнутраным, падспудна, таемна. Сапраўднае расейскае жыццё - гэта не тое, што паказваюць па тэлевізары.
Па тэлевізары паказваюць фрык-шоў для дурняў. А сапраўднае расейскае жыццё адбываецца ва ўніверсітэтах, навуковых цэнтрах, выдавецтвах. І гэта вельмі займальна.
- 2024 год - гэта вырашальны год для Расеі ці не?
- Многія лічаць, што ўсё зменіцца да 22 года. Я згодны з гэтым пунктам гледжання. 2024 год нічым не адрозніваецца ад іншых гадоў. Сапраўдныя перамены ў Расеі адбыліся не ў 53 годзе, калі памёр Сталін, а ў 49-м, калі пачаліся «зэкаўскія паўстанні». Перамены адбываюцца, калі людзі перастаюць баяцца. Зараз гэты страх нашмат меншы, чым 10 гадоў таму.
- Але гэты страх прысутнічае.
- Вядома. Жыць-то хочацца. Я заўсёды, калі перасякаў мяжу, чакаю, што мяне на ёй затрымаюць. Гэта досвед які жыве ў генах, а чалавек павінен не залежаць ад свайго досведу. Вялікі сцэнарыст Валерый Фрыт, які быў вязнем, распавядаў, што падчас лесапавалу, каб на цябе не ўпала дрэва, лесарубы крычаць: «Бойся!».
«Бойся!» Можа стаць дэвізам усякага разумнага чалавека. Бойся, але дзейнічай.