СМІ: РФ правяла ў Арктыцы выпрабаванні гіпергукавой зброі
- 30.11.2019, 20:55
Выпрабаванні гіпергукавай ракеты «Кінжал» адбыліся на палігоне ў Мурманскай вобласці.
Расейскія вайскоўцы правялі ў сярэдзіне лістапада ў Арктыцы выпрабаванні гіпергукавой ракеты «Кінжал». Пра гэта ў суботу паведаміла агенцтва ТАСС са спасылкай на дзве крыніцы ў расейскім Міністэрстве абароны, паведамляе «Голос Америки».
Паведамленне было апублікаванае на наступны дзень пасля публікацыі заявы дацкай разведвальнай службы, у якой гаварылася пра ўзмацненне геапалітычнага спабрніцтва ў Арктыцы, а таксама пра тое, што кітайскія вайскоўцы ўсё часцей праводзяць у гэтым рэгіёне навуковыя даследаванні.
«Выпрабаванні адбыліся ў сярэдзіне лістапада», - цытуе ТАСС аднаго са сваіх суразмоўцаў.
Паводле звестак расейскага агенцтва, знішчальнік-перахопнік МіГ-31К узляцеў з аэрадрома Аленегорск на поўначы Мурманскай вобласці і выпусціў ракету, якая ўразіла наземную цэль на палігоне «Пемба» ў расейскай Рэспубліцы Комі. ТАСС не прывёў іншых падрабязнасцяў выпрабаванняў.
Дацкая вайсковая разведка ў сваёй штогадовай справаздачы аб ацэнцы глабальных рызык паведаміла, што ў Арктыцы зацікаўлены як Расея і ЗША, так і Кітай. Гэта, на думку Капенгагена, павышае ўзровень напружанасці ў рэгіёне.
Расейскі прэзідэнт Уладзімір Пуцін упершыню паведаміў аб распрацоўцы «кінжала» ў сакавіку 2018 года. Пуцін тады анансаваў выпуск іншых ракетных сістэм, якія ён назваў «непераможнымі» і здольнымі пераадолець любыя сістэмы супрацьракетнай абароны верагоднага праціўніка.
Паводле звестак расейскай прэсы, «Кінжал» здольны паражаць цэлі на адлегласці да 2000 км і можа абсталёўвацца як ядзернымі, так і звычайнымі боегалоўкамі. Ракеты, як пішуць у СМІ, ужо размешчаны ў Паўднёвай вайсковай акрузе краіны.