Актывісты рыхтуюць мітынг «Берасце супраць свінцу»
- 16.03.2019, 15:35
Таксама пададзеныя заяўкі на пяць вячэрніх мітынгаў у Берасці ў буднія дні.
«Мы падалі заяўку ў Берасцейскі райвыканкам на мітынг на стадыёне ДЮСШ “Прыбужжа” ў вёсцы Тэльмы Берасцейскага раёна на 31 сакавіка. Пачалі падрыхтоўку мерапрыемства. Спадзяемся, што нам не будуць перашкаджаць у ягоным правядзенні. У гэты дзень і час іншых мерапрыемстваў на стадыёне не прадугледжана. Заяўка пададзеная паводле заяўнага прынцыпу, бо гэты стадыён – сталае месца для правядзення масавых мерапрыемстваў. Для правядзення акцый у такіх месцах дазволаў не патрабуецца, дастаткова паведамлення», – паведаміў «Брестской газете» 16 сакавіка праваабаронца Раман Кісляк.
Акрамя таго, пададзеныя заяўкі на 5 вячэрніх мітынгаў у парку воінаў-інтэрнацыяналістаў на буднія дні з 25 да 29 сакавіка.
З сакавіка мінулага года актывісты падалі заяўкі на правядзенне 103 масавых мерапрыемстваў супраць будаўніцтва пад Берасцем акумулятарнага завода: мітынгаў, пікетаў, дэманстрацый. Задаволілі толькі адну – мітынг «Берасцейкі супраць свінцу» прайшоў у красавіку мінулага года і сабраў блізу 2 000 чалавек.
Праз немагчымасць выказаць свой пратэст адкрыта берасцейцы і жыхары раёна больш за год кормяць галубоў на плошчы Леніна ў нядзелі і тым самым звяртаюць увагу ўладаў і грамадскасці да пытанняў будаўніцтва гэтага прадпрыемства. Актывісты заяўляюць пра шматлікія парушэнні ў ходзе рэалізацыі гэтага праекта. Чыноўнікі і прадстаўнікі завода сцвярджаюць, што ніякіх парушэнняў няма.