«Лукашэнка і не бачыць, што ёсць такія трушчобы»
- 28.03.2019, 13:25
Адміністрацыя Гомельскай вобласці не мае сродкаў, каб правесці звычайную каналізацыю.
У пасёлку «Юбілейны», які амаль у межах Гомеля, ёсць трухлявае жытло, у якім людзі жывуць без газу і без прыбіральні нават на вуліцы! Чыноўнікі дзесяцігоддзямі ігнаруюць праблемы жыхароў так званых «баракаў». Што адбываецца ў пасёлку «Юбілейны» высвятляў «Белсат».
«Прыбіральні няма грамадскай, а ў некаторых нават асабістай няма. Ходзім на вёдры», - наракаюць жыхары.
Яно і не дзіўна, калі з часу пабудовы - 1950-ы год - гэтыя дамы ні разу не рамантавалі. Жыхарка дома №4 Святлана Валасянкіна:
«У нас клапы, скочкі летам кусаюцца. Дзеці малыя. Дах цячэ амаль ва ўсіх кватэрах».
Жыхары называюць свой дом проста - баракам. Жыхарка дома №4 Наталля Камарова:
«Будзем прасіць Лукашэнку. Ён, напэўна, і не бачыць, што ёсць такія трушчобы».
Дамы былі на балансе менскага трэсту «Белтрансбуд». На месцы яго рэпрэзентавалі спачатку цэнтральныя рамонтна-механічныя майстэрні, а цяпер - будаўніча-мантажны цягнік 716. Людзі спраўна плацілі за капітальны рамонт і тэхнічнае абслугоўванне, аднак ні рамонтаў, ні абслугоўвання не помняць.
«У нас вось разетка там у кухні ёсць, выбівае пробкі, калі ставім пральную машынку. Даводзіцца праз падаўжальнік цягнуць. МНС вось прыходзіла з месяцы два таму, паглядзела ўсё, сказала ўсталяваць толькі два пажарныя апавяшчальнікі ў залу і ў дзіцячы пакой», – кажа Віталь Камароў, жыхар дому №4.
Мы пастанавілі патэлефанаваць у ЦБМ-716, каб пачуць іхныя каментары наконт гэтай сітуацыі. Але пакуль шукалі нумар, высветлілі цікавы факт: з траўня 2018 года гэтая ўстанова перабывае ў працэсе ліквідацыі ў сувязі з неплацежаздольнасцю. І слухаўку яны, прадказальна, не здымаюць.
Гомельскі грамадскі актывіст Васіль Палякоў бачыць праблему абыякавасці мясцовых чыноўнікаў у сістэме вертыкалі ўлады:
«У Беларусі няма мясцовага самакіравання, усе праблемы людзей яны вось тут, на гэтым ніжэйшым узроўні. І калі існуе ў дзяржаве самакіраванне, то гэтыя праблемы вырашаюцца. Калі існуе вертыкаль, то ўсе праблемы не бачныя для вертыкалі. Вертыкаль робіць то, што ёй больш цікавае».
Вось так і атрымліваецца, што, калі інтарэсы чыноўнікаў ды грамадзянаў не супадаюць, людзі, якія жывуць у лядашчых дамах без газу і нават каналізацыі, вымушаныя спадзявацца толькі на кіраўніка краіны.