BE RU EN

Як дзевяцігадовы гарадзенец здзіўляе ўсіх сваімі стыльнымі малюнкамі

  • 8.03.2019, 20:08

Янку Глумакова натхняе рок-музыка і творы вядомых беларускіх мастакоў.

Пакой 9-гадовага Вані Глумакова з Горадні падобны на карцінную галерэю. На кожнай сцяне вісяць яго яркія работы. Усяго такіх малюнкаў блізу сотні - на іх выдуманыя мульцяшныя героі з вялікімі вачыма. Гарадзенец нават думае выпусціць свой камерцыйны каталог, піша hrodna.life.

Маляваннем хлапчук захапіўся ў шэсць гадоў.

«Усё пачалося каля трох гадоў таму, калі я заўважыў у суседкі маркеры, - распавядае Ваня. - Зацікавіўся і папрасіў у бацькоў такія ж. Калі першы раз паспрабаваў імі маляваць - мяне сур'ёзна зацягнула. Вось мне ўжо амаль 10 гадоў і дагэтуль малюю. Я зразумеў, што хачу гэтага рабіць. Гэта маё».

Ваня сам прыдумляе герояў. Яго натхняе рок-музыка і творы вядомых беларускіх мастакоў. Фаварытаў няма, у кожнага бярэ патроху.

«Я не вучыўся ў школе маляваць, неяк сам усё засвоіў і прыдумаў сабе стыль. Усе мае персанажы выдуманыя, як і іх гісторыі. Усё што мне прыходзіць у галаву, то і малюю. Ёсць у мяне адзін прыдуманы герой і яго клічуць Біл, ён жыве ў Англіі».

Пакуль Ваня малюе ў сваё задавальненне, робіць гэта ў вольны ад вучобы час. Часам праводзіць у інстаграме конкурсы на скетчы, тады даводзіцца маляваць сяброў і знаёмых.

Юны гарадзенец плануе летам запусціць камерцыйны каталог сваіх малюнкаў, якія можна было б пераносіць на кубкі, майкі, плакаты, стыкеры і г.д. Яго ідэю дапаможа рэалізаваць мама Лана, якая працуе ў адным з рэкламных агенцтваў горада.

«Мы абмеркавалі з Ванем гэты праект, галоўнае каб у яго ўсё атрымлівалася, - кажа мама Лана. - Гэта будзе які-небудзь каталог, мы прапрацоўваем гэтае пытанне. А наогул, мне здаецца, Ванька ў нас заўсёды маляваў, але асабліва ўсіх уразіў, калі мы з ім пайшлі на арт-вечар Red Art. Было гэта недзе чатыры гады таму. Малявалі мы тады Манэ. Ваня быў першым дзіцем, які прыйшоў на гэтыя вечары. Ён стаў маляваць і ўсім спадабалася. Тады мы і заўважылі яго патэнцыял. З тых часоў ён малюе. Спачатку на паперы, потым на планшэце».

На 10 гадоў Ваня папрасіў у бацькоў стылус для планшэту. Хлопчык кажа, што тата спачатку не ўспрымаў усур'ёз яго творчасць, але пасля змірыўся.

«Тата хоча, каб я стаў бізнэсоўцам або банкірам, але нядаўна я зразумеў, што хачу быць ілюстратарам. Пакуль вучуся ў школе, буду асвойваць гэтую прафесію, а там будзе бачна», - дадаў Ваня.

Апошнія навіны