У Пастаўскім раёне падчас затрымання памежнікі паранілі мужчыну
- 29.04.2019, 16:35
Ён у лякарні, ідзе разбор.
27 красавіка каля мяжы з Літвой памежнікі са стральбой затрымалі мужчыну, які спрабаваў збегчы ад пераследу. Цяпер ён знаходзіцца ў шпіталі, але ягонаму жыццю нішто не пагражае. Пра гэта распавёў tut.by афіцыйны прадстаўнік Дзяржпамежкамітэта Антон Бычкоўскі.
Паводле звестак на сайце ГПК, увечары 27 красавіка супрацоўнікі Смаргонскай памежнай групы заўважылі ў памежнай зоне паблізу мяжы з Літвой чалавека. Ён не спыніўся на патрабаванні і спрабаваў схавацца нават пасля папераджальнага стрэлу ў паветра. У выніку 30-гадовы мужчына атрымаў агнястрэльнае раненне і трапіў у лякарню.
Афіцыйны прадстаўнік Дзяржпамежкамітэта Антон Бычкоўскі распавёў: выкарыстанне зброі – крайні захад, і ўжываецца ён у сітуацыях, калі таго патрабуе абстаноўка.
Падзеі развіваліся на тэрыторыі Пастаўскага раёна, вось што распавялі ў ГПК:
«Калі з мужчынам вёўся разбор, да яго падаспеў знаёмы, які спрабаваў павезці з месца. Пачаўся пераслед, у выніку аўто спынілі, але мужчыны пакінулі аўто і спрабавалі ўцячы. Памежны патруль быў вымушаны ўжыць зброю ў адпаведнасці з заканадаўствам: пасля папярэджання і вокрыку «Стой, страляць буду», а таксама папераджальнага стрэлу ўверх», - распавёў Антон Бычкоўскі.
Уцякач атрымаў раненне, яму на месцы надалі першую медыцынскую дапамогу - зрабілі перавязку. Спачатку мужчыну даставілі ў лякарню ў Паставах, а затым перавялі ў 424-ы галоўны вайскова-клінічны цэнтр Міністэрства абароны. Там ён знаходзіцца і цяпер. Паводле звестак ДПК, ягоны стан здавальняючы і пагрозы жыццю няма.
Вядома, што першы з мужчын не раз трапляў у поле зроку памежнікаў. На ягоным рахунку - шмат правапарушэнняў (уключаючы парушэнне памежнага рэжыму), а таксама судзімасць паводле крымінальнага артыкула. Другі таксама неаднаразова прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці, а таксама ёсць судзімасць за наркотыкі.
«Абодва мужчыны - жыхары памежнай зоны і ў курсе правілаў знаходжання паблізу мяжы. У органах памежнай службы мелася інфармацыя аб тым, што яны маюць дачыненне да перамяшчэння таварна-матэрыяльных каштоўнасцяў праз мяжу», - дадалі ў ДПК.
Прадаўжаецца разбор з нагоды знаходжання ў памежнай зоне мужчыны, пазней параненага падчас затрымання.