Пуцін, Лукашэнка і Рахмон правялі сустрэчу ў альтанцы
- 30.06.2019, 20:24
Сустрэча адбылася ў Менску.
Прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін правёў нефармальную сустрэчу з Аляксандрам Лукашэнкам у ягонай рэзідэнцыі ў Менску. Пазней да іх далучыўся прэзідэнт Таджыкістана Эмамалі Рахмон. Пра гэта паведаміў прэс-сакратар прэзідэнта РФ Дзмітрый Пяскоў, паведамляе «РІА Новости».
Як адзначае БелТА, сустрэча адбылася ў рэзідэнцыі Лукашэнкі «Заслаўль». Расейскі ды беларускі правадыры размясціліся ў альтанцы, якую падарыў прэзідэнт Узбекістана Шаўкат Мірзіееў.
Трохбаковы фармат сустрэчы Лукашэнка анансаваў 28 чэрвеня на перамовах з Рахмонам у Менску. «Ёсць вельмі шмат пытанняў, якія мы з вамі можам абмеркаваць сёння. Думаю, падключыцца да гэтых перамоваў і Уладзімір Уладзіміравіч Пуцін. Мы зможам пагаварыць утрох. Думаю, вы не будзеце супраць, у нас таксама ёсць пытанні ў рамках СНД і АДКБ, нашага абароннага саюза», - цытавала БелТА беларускага дыктатара.