Што ў Беларусі зменіцца ў ліпені
- 30.06.2019, 21:40
Новаўвядзенні, якія чакаюць беларусаў ужо заўтра.
Праезд у гарадскіх аўтобусах для школьнікаў стане платным, падаражэе мабільная сувязь, вайскоўцам павялічаць пенсіі, у ВНУ пачынаецца ўступная кампанія. Якія яшчэ новаўвядзенні прынясе другі месяц лета жыхарам нашай краіны?
Прыйдуць пацяжэлыя рахункі
З 1 чэрвеня ў Беларусі падвысілі субсідаваныя тарыфы на цеплавую энэргію - ацяпленне і абаграванне вады, і ў ліпені жыхары краіны атрымаюць рахункі з новымі коштамі. Тарыфы выраслі з 16,9259 да 18,4831 рубля за 1 Гкал. Эканамічна абгрунтаваны тарыф на гэтыя жыллёва-камунальныя паслугі застаўся на ранейшым узроўні - 88,99 рубля за 1 Гкал., піша intex-press.by.
Школьнікам трэба будзе плаціць за праезд
З 1 ліпеня і да канца лета для праезду ў гарадскім грамадскім транспарце вучням давядзецца купляць білеты або праязныя. Згодна з пастановай Берасцейскага абласнога Савета дэпутатаў «Аб дадатковых мерах сацыяльнай падтрымкі навучэнцаў» права на бясплатны праезд ім выдаецца на перыяд з 1 верасня да 30 чэрвеня.
Павялічаць пенсіі вайскоўцам
З 1 ліпеня ў Беларусі зробяць пераразлік сумы пенсій вайсковым пенсіянерам. Выплаты павялічацца прыкладна на 5,5%.
Падаражэе мабільная сувязь
З 1 ліпеня 2019 года мабільны аператар МТС падвысіць кошты на свае тарыфныя планы на 4,3%. Падаражанне тлумачаць развіццём інфраструктуры для падвышэння якасці паслуг. Падвышэнне кошту паслуг праанансаваў таксама аператар velcom|A1. Павелічэнне кошту большасці тарыфных опцый не перавысіць 4,3%.
Скончыцца ЦТ і пачнецца ўступная кампанія
Цэнтралізаванае тэставанне скончыцца 1 ліпеня - у гэты дзень абітурыенты здадуць тэсты па сусветнай гісторыі. З 10 ліпеня пачнецца выдача сертыфікатаў за ЦТ, а з 12 ліпеня беларускія ВНУ пачнуць прымаць дакументы ад абітурыентаў.
Падаражэюць цыгарэты
З 1 ліпеня вырастуць кошты некаторых марак цыгарэт. Падаражэе асобная прадукцыя Гарадзенскай тытунёвай фабрыкі «Нёман», кампаніі «Тытунь-Інвест», а таксама некаторыя цыгарэты, што ўвозяцца ў краіну «Беларусьгандлем». Рост коштаў складзе 1-10 капеек.