BE RU EN

Урсула фон дэр Ляен: З Масквой трэба размаўляць з пазіцыі сілы

  • 10.07.2019, 21:20

Дзеянні Расеі ва Украіне супярэчаць міжнароднаму праву.

Пра гэта кандыдатка на пасаду старшыні Еўракамісіі, міністарка абароны Нямеччыны Урсула фон дэр Ляен (Ursula von der Leyen) заявіла ў Еўрапарламенце ў сераду, 10 ліпеня. Паводле ейных слоў, "Крэмль не даруе слабасцяў". Міністарка дадала, што Расея застаецца суседам Еўропы, аднак падкрэсліла, што дзеянні Масквы ва Украіне супярэчаць міжнароднаму праву, паведамляе "Нямецкая хваля".

Акрамя расейска-еўрапейскіх дачыненняў, кандыдатка на пасаду кіраўніка Еўракамісіі выказалася і наконт шэрагу іншых значных для Еўразвязу тэм. Так, фон дэр Ляен адзначыла, што выступае не за "еўрапейскае войска", а за "войска еўрапейцаў". Са слоў нямецкай міністаркі абароны, пастановы аб "небяспечных аперацыях" патрабуецца прымаць на нацыянальным узроўні.

Пашырэнне колькасці супрацоўнікаў Frontex

Акрамя таго, фон дэр Ляен заклікала Еўразвяз падтрымаць краіны паходжання ўцекачоў, каб пазбавіцца ад прычын, якія падахвочваюць мігрантаў накіроўвацца ў Еўропу. Сярод іншага, ЕЗ варта змагацца з "жорсткай сістэмай" кантрабанды людзей, адзначыла міністарка. Паводле ейных слоў, планы пашырэння колькасці персаналу еўрапейскай памежнай службы Frontex да 10 тысяч чалавек варта рэалізаваць не да 2027 году, а "значна раней".

Вылучэнне фон дэр Ляен на пасаду кіраўніка Еўракамісіі

Краіны ЕЗ 2 ліпеня афіцыйна вылучылі Урсулу фон дэр Ляен на пасаду старшыні Еўракамісіі. За кандыдатуру міністаркі абароны ФРГ прагаласавалі 27 удзельнікаў саміту ЕЗ - усё акрамя канцлеркі Нямеччыны Ангелы Мэркель (Angela Merkel). Канцлерка ФРГ устрымалася, бо гэтая кандыдатура не знайшла падтрымкі нямецкіх сацыял-дэмакратаў, кааліцыйнага партнёра партыі Мэркель у Нямеччыне.

Ранейшы фаварыт на гэтую пасаду, чалец нямецкай Хрысціянскай сацыяльнай уніі Манфрэд Вэбер (Manfred Weber), адмовіўся ад барацьбы за пасаду. Ягоны спаборнік, галандскі сацыял-дэмакрат Франс Тымерманс, не атрымаў ухвалення Італіі і краін Вышаградскай групы - Польшчы, Вугоршчыны, Славакіі і Чэхіі.

Апошнія навіны