Урсула фон дэр Ляен: Я ніколі не забуду тое захапленне, якое выклікаў у нас рух «Салідарнасць»
- 25.07.2019, 21:17
Новая кіраўніца Еўрапейскай камісіі выказала павагу палякам, якія змагаліся за сваю свабоду.
У Варшаве 25 ліпеня адбылася двухгадзінная сустрэча прэм'ер-міністра Польшчы Матэвуша Маравецкага са старшынёй Еўракамісіі Урсулай фон дэр Ляен, перадае «Радыё Польшча».
Новая кіраўніца Еўрапейскай камісіі адзначыла, што важна заняцца праблемай змены клімату, для гэтага патрэбныя буйныя інвестыцыі.
Кіраўніца Еўракамісіі таксама выказала павагу да гісторыі Польшчы: «Я ніколі не забуду тое захапленне і павагу, якое выклікаў у нас рух «Салідарнасць», мы бачылі, як Польшча змагалася за сваю свабоду».
У дачыненні да бяспекі Урсула фон дэр Ляен адзначыла, што абарона краін ЕЗ заўсёды будзе ляжаць на плячах NАТО. Яна падкрэсліла, што гэта самы моцны альянс у свеце. Урсула фон дэр Ляен бачыць шмат пагроз для Еўрапейскага Звязу, сярод якіх нестабільная сітуацыя на Блізкім Усходзе, Расея, тэхналагічныя пагрозы, Кітай. Са слоў Матэвуша Маравецкага, «усе гэтыя пагрозы адзначаныя кіраўніцай ЕК»: «Я веру, што яны будуць належным чынам ліквідаваныя ў рамках палітыкі новай Еўрапейскай камісіі».