Аўстрыя абвясціла ў вышук падазраванага ў шпіянажы расейца
- 25.07.2019, 21:30
МУС Аўстрыі абвясціла ў вышук падазраванага ў працы на ГРУ Ігара Зайцава.
Міністэрства ўнутраных спраў Аўстрыі абвясціла ў міжнародны вышук 65-гадовага грамадзяніна Расеі Ігара Зайцава паводле падазрэння ў шпіянажы, а менавіта - у працы на Галоўную выведвальную управу Генштаба УС РФ.
Як паведамляе "Еўрапейская праўда", адпаведнае паведамленне размешчанае на сайце МУС Аўстрыі.
"Зайцаў Ігар Ягоравіч падазраецца ў падпарадкаванні сакрэтнай дзейнасці для расейскага ГРУ у шкоду Аўстрыйскай рэспубліцы", - гаворыцца ў заяве МУС.
Згодна з інфармацыяй паліцыі, Зайцаў нарадзіўся 6 красавіка 1954 года ў Маскве.
Як адзначаюць аўстрыйскія СМІ, Зайцаў звязаны з гучным шпіёнскім скандалам, які адбыўся ў мінулым годзе. Паліцыя Зальцбурга пацвердзіла выданню Kurier, што гаворка ідзе пра скандальную справу Марціна М.
У лістападзе 2018 года былога 70-гадовага палкоўніка ўзброеных сілаў Аўстрыі Марціна М. затрымалі паводле падазрэння ў тым, што ён цягам 20 гадоў займаўся выведвальнай дзейнасцю на карысць Расеі.
Падазраюць, што Зайцаў быў кантактнай асобай аўстрыйца, якому той прадаваў сакрэтную інфармацыю. Быў усталяваны факт сустрэчы, на якой расеец заплаціў за інфармацыю 30 тысяч еўраў.
Аўстрыйскі экс-афіцэр, як падазраюць, збіраў звесткі аб аўстрыйскіх ВПС, артылерыйскіх сістэмах і міграцыйным крызісе. Акрамя таго, ён падазраецца ў перадачы дэталёвай інфармацыі аб шматлікіх высокапастаўленых вайскоўцах Аўстрыі.