BE RU EN

Нацбанк: Эканоміка Беларусі вычарпала крыніцы росту

  • 27.07.2019, 20:51

Нацбанк Беларусі канстатуе адсутнасць крыніц росту луканомікі.

Нацыянальны банк Беларусі (НББ) канстатуе адсутнасць крыніц дасягнення ў 2019 годзе запланаванага росту эканомікі на 4% і падкрэслівае неабходнасць больш хуткага прыняцця канкрэтных захадаў, якія дазволяць падтрымаць рост эканомікі ў сярэднетэрміновай перспектыве, піша interfax.by.

"Узнікае пытанне пра крыніцы дасягнення ў бягучым годзе прагнознага параметра эканамічнага росту, а таксама забеспячэння яго ўстойлівай дынамікі ў доўгатэрміновым перыядзе", - падкрэсліў начальнік галоўнай управы манетарнай палітыкі і эканамічнага аналізу НББ Дзмітрый Мурын у дакладзе на пашыраным пасяджэнні ўправы Нацбанка.

Даклад Мурына апублікаваны ў пятніцу на сайце НББ.

"Для дасягнення высокіх тэмпаў росту ВУП Рэспублікі Беларусь неабходна прыняцце комплексу канкрэтных мер структурнага характару, накіраваных у першую чаргу на павышэнне агульнай эфектыўнасці эканомікі, а таксама на забеспячэнне збалансаванасці плацежнага балансу краіны за кошт павышэння якаснага складніку канкурэнтаздольнасці айчынных тавараў і паляпшэння інвестыцыйнага клімату", - мяркуе Мурын.

У той жа час, паводле ягоных слоў, "варта мець на ўвазе, што такія меры носяць сярэднетэрміновы характар і не могуць даць імгненнага станоўчага эфекту". "Таму для фармавання умоў, якія забяспечаць ў сярэднетэрміновым перыядзе ўстойлівы эканамічны рост эканомікі Рэспублікі Беларусь, патрабуецца іх больш хуткае прыняцце", - упэўнены прадстаўнік НББ.

Мурын нагадаў, што па выніках першага паўгоддзя 2019 года прырост рэальнага ВУП склаў 0,9%. "Пры гэтым у замежным гандлі таварамі і паслугамі назіраўся апераджальны рост імпарту што да экспарту, што абумовіла зніжэнне чыстага экспарту таварамі і паслугамі", - канстатаваў ён.

У гэтых умовах эканамічны рост падтрымліваецца за кошт унутранага попыту, забяспечанага станоўчай дынамікай раздробнага тавараабароту і інвестыцый у асноўны капітал.

Між тым, у раней апублікаваным дакладзе намесніка кіраўніка НББ Дзмітрыя Калечыца адзначаецца, што патэнцыял росту беларускай эканомікі цяпер абмежаваны ў межах 1-2%.

"Асноўная праблема звязана са структурнымі абмежаваннямі і тэхналагічным адставаннем нашай эканомікі, якая не ў стане ў гэтых умовах генераваць рост тэмпу больш як 1,0-2,0% без пагрозы збалансаванасці рахунку бягучых аперацый плацёжнага балансу, што да устойлівасці абменнага курсу і інфляцыі", - канстатуе Калечыц.

Апошнія навіны