У Магілёве міліцэйскі УАЗ не саступіў дарогу «Опелю»
- 30.07.2019, 21:33
УАЗам кіраваў 25-гадовы міліцыянт.
Міліцэйскі УАЗ і "Опель" сутыкнуліся ў Магілёве 30 ліпеня. Аварыя адбылася пад 07:30 на вуліцы Макарава, інфармуе БелТА.
УАЗам кіраваў 25-гадовы міліцыянт. За стырном "Опеля" была 35-гадовая магілёўка.
На скрыжаванні раўназначных дарог міліцыянт не саступіў дарогу "Опель”. На кіроўцу міліцэйскага аўто склалі адміністрацыйны пратакол за парушэнне правілаў манеўравання альбо праезду скрыжаванняў. Праўда, і кіроўцу "Опеля" проста так з'ехаць не ўдалося: на яе склалі пратакол за кіраванне транспартным сродкам, на якое не выдадзены дазвол на допуск да ўдзелу ў дарожным руху або якое не зарэгістравана ва ўстаноўленым парадку.
Пры ДТЗ ніхто не пацярпеў, але аўтамабілі атрымалі механічныя пашкоджанні. Паведамляецца, што абодва кіроўцы былі цвярозымі.