ЦБ Польшчы зрабіў гіганцкую стаўку на золата
- 1.08.2019, 21:14
Сярод сусветных цэнтральных банкаў, якія купляюць золата для рэзерваў, нечакана змяніўся лідар.
Замест Банка Расеі, які трымаў «пальму першынства» больш за 10 гадоў і падвоіў куплі пасля акупацыі Крыма і санкцый Захаду, на першае месца выйшаў ЦБ Польшчы, паведамляе finanz.ru.
Паводле вынікаў другога квартала ён набыў у рэзервы беспрэцэдэнтныя 100 тон каштоўнага металу, паведамляе ў аглядзе Сусветны па золаце.
Угода польскага ЦБ стала другой найбуйнейшай за ўсю гісторыю звестак: больш золата - 200 тон за квартал - набываў толькі ЦБ Індыі ў рамках пагаднення з МВФ у 2009 годзе.
Цікавасць да золата прачнулася ў Польшчы летась, калі ЦБ краіны нечакана набыў 25,7 тоны. У выніку новай закупкі Польшча павялічыла залаты запас на 120% і перамясцілася з 38-га на 23-ы радок у пераліку найбуйнейшых трымальнікаў металу.
У адрозненне ад расейскага ЦБ, які скупляе золата, якое здабываецца ўнутры краіны, фінансуючы гэтыя ўгоды эмісіяй рублёў, Польшча вымушана набываць метал на міжнародным рынку за кошт валюты з ЗВР: уласная золатаздабыча ў Польшчы складае толькі 3,5-4 тоны ў год.
Прэзідэнт Нацыянальнага банка Польшчы Адам Глапінскі заявіў, што купля носіць «стратэгічны» характар і накіравана на ўмацаванне фінансавай бяспекі краіны.
Сінхронна з Польшчай летась буйную стаўку на золата зрабіў яшчэ адзін усходнееўрапейскі ЦБ: Нацбанк Румыніі закупіў 31,5 тоны, павялічыўшы залаты запас у 10 разоў адной угодай.
Сёлета, паводле звестак ВСС, румынскі цэнтрабанк на рынак не выходзіў.
За выключэннем нечаканага з'яўлення Польшчы пералік буйных пакупнікоў золата застаўся без змен. Банк Расеі набыў 38,7 тоны за другі квартал і 94 тоны з пачатку года - на 11,3 тоны менш, чым год таму.
Кітай закупіў 74 тоны за паўгода, Турцыя - 60,6 тоны, Казахстан - 24,9 тоны, Індыя - 17,7 тоны, Эквадор - 10,6 тоны, Калумбія - 6,1 тоны, Кыргызстан дзве тоны.
Працягвае губляць золата Венесуэла, якая дапусціла сёлета другі за два гады дэфолт па своп-угодах з Deutsche Bank і Citi. Зліткі былі закладзеныя рэжымам Нікаласа Мадура для атрымання валютных крэдытаў, вярнуць якія Каракас не змог на фоне калапсу нафтаздабычы, санкцый ЗША і краху эканамічнай мадэлі.
У красавіку Венесуэла не змагла заплаціць 1,4 млрд даляраў крэдыторам, у выніку Deutsche і Citi сталі ўладальнікамі прыкладна 28 тон золата.
У агульнай складанасці пакупкі сусветных цэнтрабанкаў у другім квартале выраслі на 47%, да 224,4 тоны, і блізкія да новага рэкорду як мінімум за 50 гадоў.
Папярэдні - 374 тоны за год - быў усталяваны летась.