BE RU EN

У Маскве на падыходзе да адміністрацыі Пуціна затрымалі больш за сто чалавек

  • 10.08.2019, 19:46

Сотні людзей рушылі да будынка адміністрацыі кіраўніка РФ пасля спланаванай акцыі.

У Маскве пасля мітынгу апазіцыі, які прайшоў на праспекце Акадэміка Сахарава, затрыманыя больш за сто чалавек, паведамляе svoboda.org са спасылкай на "АУС-Інфа". Затрыманні пачаліся, калі частка пратэстоўцаў пасля заканчэння ўзгодненай акцыі рушыла да будынка адміністрацыі прэзідэнта Расеі.

Выйсці да будынка на вуліцы Іллінцы прапанаваў са сцэны Барыс Залатарэўскі – кіраўнік штаба аднаго з незарэгістраваных, а пасля і арыштаваных, кандыдатаў у дэпутаты Масгардумы Івана Жданава. Адразу пасля свайго выступу Залатарэўскі быў затрыманы, а супрацоўнікі паліцыі, Расгвардыі і АМАПа перакрылі некалькі вуліцаў, якія вядуць да АП – у тым ліку Мясніцкую, Салянку і Марасейку. Каля самога будынка паліцыя выставіла ачапленне, таксама да адміністрацыі прэзідэнта прыбыў спецназ унутраных войскаў.

Паліцыя вылоўлівала людзей на прылеглых вуліцах і завулках. Паведамляецца, што АМАП уварваўся ў кавярню "Шакаладніца" і ў гатэль Custos Hotel Lubyansky, дзе спрабавалі схавацца пратэстоўцы. Выданне "Медыязона" адзначае, што гатэль належыць сям'і віцэ-мэра Масквы Наталлі Сергунінай.

У гэты момант масавыя затрыманні прадаўжаюцца.

10 жніўня на праспекце Акадэміка Сахарава ў Маскве прайшоў узгоднены з мэрыяй мітынг апазіцыі ў падтрымку незалежных кандыдатаў у дэпутаты Масгардумы. Паводле звестак "Белага лічыльніка", у ім удзельнічалі амаль 50 тысячаў чалавек.

Арганізатары мітынгу прынялі рэзалюцыю з патрабаваннямі да ўладаў. Сярод іх – адпусціць усіх арыштаваных паводле абвінавачвання ў "масавых беспарадках" на папярэдняй акцыі апазіцыі і спыніць крымінальную справу, дапусціць усіх незалежных кандыдатаў да выбараў і адправіць у адстаўку кіраўніка Масгарвыбаркама Валянціна Гарбунова.

Апошнія навіны