Палітолаг: Мітынг паказаў, што пратэст у Маскве набірае тэмп
- 10.08.2019, 21:17
Улада, не жадаючы таго, сама вядзе да мабілізацыі новых людзей.
Мітынг на праспекце Сахарава 10 жніўня паказаў, што пратэст у Маскве набірае тэмп. Такое меркаванне выказаў у эфіры радыёстанцыі «Эхо Москвы» палітолаг, дацэнт дэпартамента палітычнай навукі НДУ ВШЭ Аляксандр Кынеў.
«Тое, што ўдалося сабраць 50 тысяч пры дрэнным надвор'і, у пачатку жніўня, пасля таго, як амаль месяц ідуць акцыі пратэсту, і людзі ўжо выматаныя, - гэта каласальная лічба. Гэта сведчыць аб тым, што пратэст не выдыхаецца, наадварот, ён набірае тэмп. Гэта сведчыць аб тым, што спробы ўладаў збіць пратэст, запалохаць - неэфектыўная стратэгія, наадварот, яна вядзе да мабілізацыі новых людзей», - сказаў ён.
Палітолаг дадаў, што пратэстны рух таксама зрабіў якасны скачок з пункту гледжання медыйнасці.
«Да пратэсту далучыліся многія топавыя персанажы, не звязаныя з апазіцыйным рухам: папулярныя блогеры, музыкі і гэтак далей. Такім чынам, пратэст стаў не толькі сацыяльна ўхваленым, але і модным. З гэтым улада дакладна нічога зрабіць не можа», - адзначыў ён.
Са звестак «Белага лічыльніка», на праспект Акадэміка Сахарава выйшлі 49 тысяч 900 чалавек. Акрамя палітыкаў, на ўзгодненым мітынгу «За свабоду і справядлівасць у Маскве» выступілі журналіст Леанід Парфёнаў, стэндап-комік Даніла Папярочны, пісьменніца Людміла Уліцкая, жонка арыштаванага палітыка Дзмітрыя Гудкова. Таксама на акцыі па некалькі сваіх песень праспявалі гурты «Крывасток», IC3PEAK і рэпер Face.